Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці лічыце вы Аляксандра Казуліна злачынцам?


Іна Студзінская, Менск Гэтае пытаньне людзям на вуліцах Менску задавала мінакам наша карэспандэнтка.

(Спадар: ) “А я ня ведаю, за што яго судзяць”.

(Карэспандэнтка: ) “Яго вінавацяць у арганізацыі беспарадкаў 25 сакавіка...”

(Спадар: ) “Так. Я лічу яго вінаватым у гэтым”.

(Дзяўчына: ) “Ой, вы ведаеце, я зь ім ніколі не кантактавала непасрэдна, таму не магу судзіць”.

(Спадар: ) “Па-мойму, не. Я ня думаю, што ён нешта зрабіў такое, каб яго адразу пасадзіць”.

(Юнак: ) “Не лічу злачынцам. Гэта наагул павінны вызначаць судзьдзі, бо гэта іхная справа. Я нешта чуў наконт справы па каштоўных мэталах, але былі аўдытарскія праверкі, вынікі гэтых праверак былі здавальняльныя. Таму па гэтым пытаньні нічога ня можа быць. А наконт ягоных паводзінаў не зусім звычайных падчас выбарчай кампаніі... Калі я бачыў гэтыя ягоныя дзеяньні, ён падаўся мне нейкім дзіўным спадаром”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці лічыце вы Аляксандра Казуліна злачынцам?”

(Спадарыня: ) “Не, ня лічым яго злачынцам”.

(Спадар: ) “Я ня лезу ў палітыку. Я не люблю палітычных справаў”.

(Спадарыня: ) “Я ня ведаю, гэта сапраўдныя факты ці не”.

(Хлопец: ) “Ня ведаю”.

(Спадарыня: ) “Я думаю, што ён нікога не выводзіў, людзі выходзілі самі, на ўласнае жаданьне”.

(Дзяўчына: ) “Так, абсалютна! Ён наносіць вялікую шкоду Беларусі, і я супраць яго”.

(Карэспандэнтка: ) “А якая шкода Беларусі?”

(Дзяўчына: ) “Вось гэтыя дэманстрацыі не патрэбныя — гэта ўсё наносіць шкоду, разбэшчвае грамадзтва Беларусі. Таму што былі й так прыстойныя выбары бяз гэтага маразму”.

(Спадарыня: ) “Я лічу, што ён адстойваў свае перакананьні. Але, канечне, ягоныя дзеяньні мяне ня надта задаволілі. І наагул, вельмі цяжкае сёньня становішча ў нас, не даюць нам дыхаць вольна”.

(Карэспандэнтка: ) “Але гэта злачынныя дзеяньні былі?”

(Спадарыня: ) “Канечне, людзі самі выбіралі. Гэта быў свабодны выбар. Нельга казаць, што ён быў такі-сякі”.

(Спадар: ) “Ня ведаю нават, што і адказаць”.

(Дзяўчына: ) “Не, абсалютна не лічу”.

(Спадарыня: ) “Ён меў права гэта зрабіць, таму што народ павінен галасаваць так, як ён хоча. Я лічу, гэта добры ўчынак”.

(Спадар: ) “Можа, у нейкай ступені Казулін і вінаваты, але я не лічу гэта крымінальным учынкам. Кожны можа выказваць свае думкі, і народ выйшаў сам, ніхто яго за руку не цягнуў”.

(Дзяўчына: ) “Не, не лічу Казуліна злачынцам. Лічу, што ён сам шмат чаго дасягнуў і шмат зрабіў дзеля нашай адукацыі і для нас. Я лічу, ён нічога дрэннага не зрабіў”.

(Спадар: ) “Я наагул у палітыку ня ўвязваюся”.
XS
SM
MD
LG