Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камітэт абароны рэпрэсаваных накіраваў ліст лідэрам краінаў “васьмёркі”


Радыё Свабода Пад гэтым лістом падпісалася бацькі, родныя, сваякі й сябры палітычных зьняволеных. Яны заклікаюць лідэраў зьвярнуць увагу на палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі падчас саміту “васьмёркі” ў Санкт-Пецярбурзе 15—17 ліпеня й пераканаць Уладзімера Пуціна спыніць падтрымку афіцыйнага Менску.

Ініцыятарамі звароту да лідэраў краінаў “вялікай васьмёркі” выступілі кіраўніца Камітэту абароны рэпрэсаваных "Салідарнасьць" Іна Кулей, жонка арыштаванага лідэра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Аляксандра Казуліна Ірына, а таксама бацькі й родныя арыштаваных у справе ініцыятывы “Партнэрства” Цімафея Дранчука, Міколы Астрэйкі, Аляксандра Шалайкі й Эніры Браніцкай.

Пад адкрытым лістом падпісаліся ня толькі сваякі, родныя і сябры вязьняў, а таксама і грамадзкія актывісты з розных рэгіёнаў Беларусі. Разам каля 70 чалавек. Сёньня ініцыятары правялі прэсавую канфэрэнцыю й патлумачылі мэту сваёй ініцыятывы. Гаворыць Іна Кулей:

(Кулей: ) “Мы ведаем, што ў нашай краіне ёсьць людзі, якія цяпер знаходзяцца за кратамі. Ведаем, што ў сакавіку 2006 году больш за 1200 чалавек трапілі за краты. Мы склалі такі ліст, зь якім зьвяртаемся ня толькі да кіраўнікоў дзяржаваў, але да кожнага сумленнага чалавека, і гэтым адкрытым лістом распачаць кампанію салідарнасьці і ўнутры краіны”.

На двух старонках ліста яго аўтары пералічваюць фактычна ўсе выпадкі рэпрэсіяў з боку ўладаў у дачыненьні да апазыцыйных лідэраў і актывістаў — і просяць кіраўнікаў дзяржаваў “вялікай васьмёркі” пераканаць Уладзімера Пуціна спыніць усялякую падтрымку беларускіх уладаў.

Ірына Казуліна, Вера Шалайка і Валер Дранчук распавядалі й пра псыхалягічны ціск, які аказваецца на іхных мужоў і сына. Журналістаў цікавіла, што яны зьбіраюцца рабіць, калі беларуская тэма на саміце не прагучыць. Гаворыць Ірына Казуліна:

(Казуліна: ) “Я лічу, што з гэтага моманту кожны кіраўнік дзяржавы, што прысутнічае на саміце, будзе несьці пэрсанальную адказнасьць за тое, што адбываецца цяпер у Беларусі”.

А вось меркаваньне Валера Дранчука:

(Дранчук: ) “Важней за ўсё, каб пытаньне палітвязьняў Беларусі прагучала на саміце. Я думаю, што тут нам ня трэба адступаць, ня трэба шукаць папярэдніх кампрамісаў. Мы павінны там быць. Трэба, каб адчынілі дзьверы на саміце. Мая пазыцыя такая”.

Адкрыты ліст сёньня перадалі ў амбасады ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Нямеччыны, Італіі, Японіі й Расеі. Ліст да прэм’ера Канады перададзены праз францускую амбасаду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG