Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чэская праграма адукацыі для беларускай моладзі


Ганна Сурмач, Прага Удзельнікі: Марэк Томан (Прага), Іна Кулей (Беларусь), Уладзіслаў Яндзюк (Прага).

Беларускую моладзь, якая выявіла сваю грамадзка-палітычную актыўнасьць пад час прэзыдэнцкіх выбараў і церпіць перасьлед з боку ўладаў, падтрымала амаль уся Эўропа. Многія краіны Эўразьвязу прапанавалі сваю дапамогу і даюць магчымасьць пацярпелым студэнтам працягнуць адукацыю ў замежжы. Сваю праграму адукацыі для маладых беларусаў прыняла і Чэская рэспубліка. Пазнаёміцца бліжэй з чэскімі прапановамі вы можаце ў чарговым выпуску перадачы “Беларускае замежжа”.

(Сурмач: ) “Сёлетняя чэская праграма адукацыі для беларускай моладзі, можна сказаць, працягвае традыцыі дапамогі беларусам з боку чэскай дзяржавы. У міжваенны час урад першай Чэхаславацкай рэспублікі, якая абвясьціла сваю незалежнасьць 28 кастрычніка 1918 году, на паўгады пазьней за БНР, даў магчымасьць моладзі з Заходняй Беларусі вучыцца ў вышэйшых навучальных установах за кошт Чэхаславакіі. Больш за сотню маладых беларусаў атрымалі тады адукацыю і многія з іх сталі вядомымі нацыянальнымі дзеячамі.

У наш час, калі Беларусь ізноў апынулася ў складанай палітычнай сытуацыі, чэскія ўлады не пакінулі беларускую моладзь без падтрымкі, з 2000 году дзейнічае падобная як у даваенны час праграма навучаньня, у адпаведнасьці з якою дзесятак маладых беларусаў штогод маюць магчымасьць паступаць вучыцца ў чэскія ВНУ і атрымліваюць стыпэндыі ад чэскага ўраду.

У гэтым годзе чэскія ўлады вырашылі пашырыць дыяпазон дапамогі. Распрацавана цэлая праграма адукацыі, якая складаецца з 22 праектаў. Гэта ня толькі прафэсійная адукацыя, але і навучаньне грамадзка актыўнай моладзі навыкам працы ў грамадзкім сэктары на аснове вопыту як самой Чэхіі, так і ўвогуле ў Эўропе. Маладыя людзі змогуць пазнаёміцца з тым, як арганізуецца грамадзкае і палітычнае жыцьцё ў дэмакратычных краінах, пабачыць, як жыве і працуе моладзь у Чэхіі.

Каардынуе рэалізацыю праграмы аддзяленьне трансфармацыйнага супрацоўніцтва Міністэрства замежных справаў Чэхіі, ці як коратка яно называецца ў праграме – ТРАНС.

Супрацоўнік гэтага аддзяленьня Марэк Томан кажа, што штуршком для прыняцьця Праграмы паслужыла прэзыдэнцкая выбарчая кампанія ў Беларусі”.

(Томан: ) Сёлета ў сакавіку чэскі ўрад выдзеліў аднаразовую дапамогу для беларускіх студэнтаў і для асобаў, якія былі перасьледаваныя ў сувязі з выбарчай кампаніяй. Гэта дапамога была выдзелена ў аб’ёме 20 млн. чэскіх крон. А мы, як ТРАНС, гэтую дапамогу адмініструем. Часткаю гэтай акцыі ёсьць і дапамога студэнтам, якія былі за сваю палітычную дзейнасьць выключаныя з навучальных установаў”.

(Сурмач: ) “Структуры Эўразьвязу прымаюць нейкі ўдзел у гэтых праектах?”

(Томан: ) “Адносна гэтых праектаў можна сказаць, што гэта толькі наша ініцыятыва і чэскія дзяржаўныя грошы, Эўразьвяз у гэтым ніяк не ўдзельнічае”.

(Сурмач: ) “Гэта толькі дзяржаўныя грошы ці дапамаглі і нейкія фонды?”

(Томан: ) “Тыя 20 млн. – гэта толькі дзяржаўныя грошы”.

(Сурмач: ) “20 млн. чэскіх крон – гэта недзе каля 1 мільёна даляраў, даволі вялікія грошы”.

(Томан: ) “Так, так, я хацеў дадаць, што атмасфэра пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў нас была такая, што ўсе палітычныя партыі былі адзінадушныя ў тым, што трэба людзям у Беларусі дапамагчы”.

(Сурмач: ) “Гэта будзе толькі аднаразовая кампанія, яна разьлічана толькі на бягучы год?”

(Томан: ) “Гэтая дзяржаўная дапамога выдзеленая толькі на 2006 год. Як далей будзе складвацца сытуацыя, пакуль мы не ведаем. Але мы, як Міністэрства замежных справаў, зразумела, будзем Беларусі дапамагаць і далей. Дзейсная ўрадавая праграма стыпэндый для беларускіх студэнтаў з сямей, заангажаваных у палітычнай дзейнасьці, якая дзейнічае ад 2000 году, таксама будзе працягвацца далей. А што тычыцца гэтых праектаў, пра якія зараз гаворым і якія былі прынятыя ў гэтым годзе, пабачым, як яны будуць рэалізавацца і як будзе зь фінансаваньнем у наступным годзе”.

(Сурмач: ) “Бальшыня праектаў разьлічаная на кароткатэрміновае навучаньне. Гэта значыць, што маладыя людзі будуць прыяжджаць на месяц, на некалькі месяцаў, ці нават на 10 дзён, і ім трэба будзе вяртацца назад. Ці ня будзе гэта для іх складана, ці ўвогуле беларускія ўлады дазволяць ім свабодна езьдзіць?”

(Томан: ) “Паводле нашай інфармацыі пакуль яшчэ можна гэта рабіць, спадзяемся, што магчымасьць паехаць сюды і навучацца будзе захоўвацца, але, калі будуць нейкія праблемы, то будзем шукаць іншыя магчымасьці, як ім дапамагчы”.

(Сурмач: ) “Сп.Томан, хто зь беларускага боку з вамі супрацоўнічае?”

(Томан: ) “Гэтае супрацоўніцтва ідзе праз нашу амбасаду ў Менску, а нашым непасрэдным партнэрам зьяўляецца адна беларуская грамадзкая арганізацыя”.

(Сурмач: ) “Да каго можна зьвяртацца тым, хто зацікавіцца праектамі?”

(Томан: ) “У Беларусі ёсьць Грамадзкі камітэт абароны рэпрэсаваных, які ўзначальвае спадарыня Кулей”.

(Сурмач: ) “А могуць таксама зьвяртацца наўпрост у чэскую амбасаду?”

(Томан: ) “Так. Дзякую за Вашую зацікаўленасьць, думаю, што гэта наша сумесная справа”.

(Сурмач: ) “Я зьвязалася па тэлефоне са спадарыняй Інаю Кулей, старшынёю Грамадзкага камітэта абароны рэпрэсаваных, на якую спаслаўся сп. Мірэк Томан”.

(Кулей: ) “Мы ведаем пра гэтую праграму дапамогі з боку чэскага ўраду нашай палітычна актыўнай моладзі і вельмі ўдзячныя за тое, што Чэхія таксама паказала такі прыклад салідарнасьці. Тое, што краіны Эўразьвязу адгукнуліся на праблемы беларускай моладзі, на тое, што наша моладзь паказала сябе ў час падзеяў 19-25 сакавіка вельмі актыўнай і цяпер церпіць ад рэпрэсіяў, гэта вельмі цешыць. Нам вельмі прыемна, што маладыя людзі могуць карыстацца гэтымі праграмамі. На сёньняшні момант, праўда, у нас пакуль ня так шмат людзей, якія жадалі б паехаць”.

(Сурмач: ) “Але гэта чэская праграма нядаўна зьявілася, яшчэ недастаткова інфармацыі, ня ўсе ведаюць – у гэтым, мабыць, прычына?”

(Кулей: ) “Прычына ня толькі ў тым, што пра гэту праграму яшчэ шырока ня ведаюць, але і ў тым, што самай першаю на гэтыя праблемы адгукнулася Польшча, і па праграме імя Кастуся Каліноўскага зараз выяжджае больш за 200 чалавек. Гэта праграма пачынае дзейнічаць зь 1 ліпеня, хлопцы і дзяўчаты, якія ўжо былі выключаныя, скарысталі менавіта гэтую праграму. Але ёсьць і такія, якія бачаць сябе навучэнцамі менавіта ў Чэхіі”.

(Сурмач: ) “Бальшыня праектаў скіраваная на падрыхтоўку моладзі да працы ў галіне грамадзкай і палітычнай дзейнасьці, авалоданьне вопытам эўрапейскіх краінаў у справе дэмакратызацыі і дзяржаўнага будаўніцтва, на падвышэньне ўзроўню ведаў у справе грамадзка-палітычнага жыцьця. Тут ня толькі сама моладзь павінна быць зацікаўленая і выяўляць сваё жаданьне вучыцца, але й можа быць зацікаўленасьць грамадзкіх структураў у Беларусі, каб адукаваць сваіх актывістаў?”

(Кулей: ) “Я скажу, што ў склад Рады нашага Камітэту ўваходзяць сябры вядомых арганізацыяў Беларусі – Праваабарончага цэнтру "Вясна", Задзіночаньня беларускіх студэнтаў, Асацыяцыі беларускіх мэдыкаў, Праваабарончага альянсу і іншых, яны якраз і займаюцца тым, што дапамагаюць маладым людзям вызначыцца, што рабіць далей. Многія зь іх разгубіліся, некаторыя вучыліся на апошніх курсах і ім хацелася скончыць вучобу і працаваць на карысьць сваёй краіны, яны не зьбіраліся нікуды ад''яжджаць. Вось гэтыя маладыя людзі і ёсьць тая актыўная частка, якая шукае сябе ў грамадзка-палітычным жыцьці. І веды, з той галіны, што прапануе чэская праграма, якраз будуць вельмі прыдатныя”.

(Сурмач: ) “Ці ня можа так стацца, што ня ўдасца цалкам скарыстаць магчымасьці праграмы?”

(Кулей: ) “Я думаю, магчыма, што чэская праграма цалкам ня будзе скарыстаная. На сёньняшні момант амаль што ўсе маладыя людзі, якія зьвярталіся да нас, ужо атрымалі нейкія прапановы, а чэская праграма яшчэ толькі распачынаецца. Вядома таксама, што суседнія з Беларусьсю краіны прапанавалі дапамогу – Украіна, Латвія, Эстонія, таксама Славакія. На сёньня гэты водгук салідарнасьці, ён дае больш магчымасьцяў, чым мы можам скарыстаць. Да таго ж, нашыя хлопцы і дзяўчаты ня хочуць выяжджаць далёка, яны хочуць вучыцца завочна, ці дыстанцыйна. Для гэтага якраз найбольш падыходзіць Украіна і Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт у Літве, таксама Польшча.

Адзінае, што магу сказаць, што якраз у гэты час заканчваецца экзамэнацыйная сэсія, і ў нас кожны дзень прыходзяць новыя і новыя маладыя людзі, якія не плянавалі нікуды выяжджаць, але аказаліся выкінутымі з ВНУ, ім проста не даюць здаць экзамэны”.

(Сурмач: ) “Пакуль больш ініцыятыва выяўляецца з боку моладзі, а ваш Камітэт яшчэ рэальна не займаецца чэскаю праграмаю?”

(Кулей: ) “Не, мы пакуль што маем толькі прапановы ад моладзі, гэта тыя людзі, 12 чалавек, якія бачаць сябе ў Чэхіі, якія ведаюць пра гэту краіну, і многія зь іх ведаюць чэскую мову. Калі займацца гэтай праграмаю з нашага боку, то, я думаю, патрэбна зрабіць інфармацыйную хвалю, каб усе ведалі, што яна ёсьць. Я думаю, што калі людзі будуць мець інфармацыю пра чэскую праграму, для іх будзе яшчэ адна магчымасьць выбару, і нехта такі выбар абавязкова выкарыстае”.

(Сурмач: ) “Як мяркуеце арганізаваць інфармацыю? Вось, напрыклад, наша Радыё Свабода робіць гэтую перадачу, але гэтага мала, бо мы пра ўсю гэтую праграму тут не можам распавесьці. Яна перакладзеная на беларускую мову, маеце вы тэкст? Вось людзі паслухаюць гэтую перадачу, а што далей рабіць тым, каго гэта зацікавіць, як атрымаць інфармацыю?”

(Кулей: ) “Мы ўчора размаўлялі зь першым сакратаром чэскай амбасады і дамовіліся аб сустрэчы ў пачатку наступнага тыдня дзеля таго, каб абмеркаваць, як будзем працаваць. Я думаю, што мы зробім так. Уся інфармацыя ў Беларусі ідзе цяпер праз улёткі, раздаём іх усюды, у нас ёсьць вялікая сетка грамадзкіх арганізацый па ўсёй краіне. Надрукуем і папросім, каб разьнесьлі, і людзі будуць ведаць пра гэту праграму”.

(Сурмач: ) “Аднак, важна не толькі інфармацыя, але і арганізацыйны бок справы. Ці будзе нехта ў вашым Камітэце канкрэтна адказны за чэскую праграму?”

(Кулей: ) “Я думаю, што прызначаць асобнага чалавека ня варта таму, што ў нас за гэтыя некалькі месяцаў працы абсалютна наладжаны мэханізм і працэс, з дапамогаю якога мы супрацоўнічаем са студэнтамі ці абітурыентамі, якія хочуць навучацца за мяжою, бо не могуць навучацца ў Беларусі. І таму, я думаю, што таго, што ўжо напрацавана, будзе дастаткова, і гэта будзе проста яшчэ адна магчымасьць, якую мы з задавальненьнем выкарыстаем”.

(Сурмач: ) “Але, калі беларусы не скарыстаюць цалкам гэтую праграму, то ня варта будзе разьлічваць на далейшую дапамогу з боку Чэхіі?”

(Кулей: ) “Безумоўна, але, мы спадзяемся, што на наступны год у нашай Беларусі будзе свая вольная адукацыя”.

(Сурмач: ) “Аднак, пагадзіцеся, што патрэба ў эўрапейскай адукацыі для моладзі застанецца, бо і ў дзяржаўным будаўніцтве будуць патрэбныя людзі, якія будуць узбагачаныя адукацыяй у замежжы і вопытам іншых краінаў?”

(Кулей: ) “Безумоўна, напрыклад, польская праграма ўжо становіцца міжнароднай, я думаю, што і чэская, напэўна, будзе такою. Мы дапамагаем зараз скарыстаць тыя прапановы, якія былі з Францыі, з Нарвэгіі, са Швэцыі, з Англіі і іншых краінаў. Выхоўвацца і адукавацца будучая беларуская эліта будзе на ўсім лепшым, што ёсьць у Эўрапейскім зьвязе. Мы працуем у дыялёгу з усімі амбасадамі, якія знаходзяцца ў Беларусі”.

(Сурмач: ) “Спадарыня Іна, і на заканчэньне, скажыце, калі ласка, нашым слухачам – куды непасрэдна могуць зьвяртацца зацікаўленыя?”

(Кулей: ) “Зьвяртацца трэба, каб атрымаць інфармацыю, я думаю, што яна ў нас ужо будзе на наступным тыдні, на нашу электронную пошту: plosca2006@yahoo.com, альбо на тэлефоны: (375) 293 28 59 92, ці (375) 296 20 34 87".

(Сурмач: ) “Яшчэ раз хачу зьвярнуць увагу на тое, што чэская праграма разьлічаная на бягучы год, і жадаючым вучыцца варта пасьпяшацца.

Будзе вельмі шкада, калі гэтыя магчымасьці не будуць выкарыстаныя, так лічыць сп. Уладзіслаў Яндзюк – прадстаўнік Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ў Сярэдняй Эўропе, які жыве ў Чэхіі”.

(Яндзюк: ) “Я лічу, што беларусы мусяць выкарыстаць гэты шанец, бо ў іхнай сытуацыі гэта магчымасьць, якая, можа, ня прыйдзе ў другі раз. Таму ўсе, хто мае імпэт, хто мае цікавасьць і хто бачыць для сябе нейкую пэрспэктыву ў эўрапейскай адукацыі, магчымасьці атрымаць гэтую адукацыю ў наўпростым кантакце, у эўрапейскім асяродзьдзі, проста мусяць скарыстаць гэтую магчымасьць, але дзеля таго, каб потым пасьля атрыманьня гэтай адукацыі скарыстаць свае веды, свой досьвед на карысьць Бацькаўшчыны.

Беларусы мусяць ехаць вучыцца за мяжу, такую магчымасьць менавіта зараз трэба скарыстаць, бо будучай Беларусі патрэбны адукаваныя людзі з шырокімі паглядамі, па-эўрапейску адукаваныя беларусы, досьвед жыцьця ў дэмакратычным грамадзтве”.
XS
SM
MD
LG