Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Рэпартэры бязь межаў" выступілі зь лістом за свабоду слова ў інтэрнэце


Радыё Свабода Праваабарончая арганізацыя “Рэпартэры бязь межаў” вітае прынятую пры канцы мінулага тыдня рэзалюцыю Эўрапарлямэнту адносна свабоды меркаваньняў у інтэрнэце. Падкрэсьліваецца, што глябальнае сеціва стала важным каналам для адлюстраваньня думак палітычных дысыдэнтаў, дэмакратычных актывістаў, журналістаў з самых розных краінаў. Адначасна расьце кантроль за інтэрнэтам з боку аўтарытарных рэжымаў.

Як вынікае з рэзалюцыі Эўрапарлямэнту, сярод краінаў з найбольш жорсткай цэнзурай у інтэрнэце — постсавецкія Беларусь і Ўзбэкістан. Прычым, Беларусь займае другую пазыцыю ў сьпісе пасьля Кітаю.

Паводле кіраўніка аддзелу інтэрнэту “Рэпартэраў бязь межаў” Жульена Пэна, у свой час “Рэпартэры бязь межаў” накіравалі ў Эўрапарлямэнт сьпіс 15 краінаў-ворагаў інтэрнэту, у які ўвайшлі Кітай, Бірма, Куба, Іран, Лібія, Мальдывы, Нэпал, Паўночная Карэя, Саудаўскай Арабія, Сырыя, Туніс, Туркмэністан, Узбэкістан, Віетнам і Беларусь. Як лічыць Жульен Пэн, “рэпрэсіўныя рэжымы імкнуцца ўсталяваць поўны кантроль над інтэрнэтам. Кожны дыктатар ставіць за мэту зьнішчыць дысыдэнцтва ў інтэрнэце, блякаваць сайты, дзе ўтрымліваецца нецэнзураваная інфармацыя або абмежаваць ці забараніць доступ”. Што да “таталітарнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, то ён пачаў увядзеньне сыстэмы маніторынгу інтэрнэту яшчэ шмат гадоў таму”.

Сёньня ў Беларусі дзейнічае адно з самых жорсткіх заканадаўстваў у барацьбе з кампутарнымі злачынствамі — ад 6 да 15 гадоў пазбаўленьня волі. У краіне па-ранейшаму існуе толькi адзiн правайдэр — унiтарнае прадпрыемства-манапалiст “Белтэлекам”, якое забясьпечвае доступ наведнікаў ва ўсясьветнае сеціва ды спрашчае для ўладаў кантроль як гэтага доступу, так і зьместу інтэрнэт-сайтаў.

Адрозна ад Кітаю, у Беларусі пакуль ня дзейнічаюць высокатэхналягічныя сыстэмы фільтраваньня сеціва, лічаць незалежныя адмыслоўцы, у тым ліку з кампаніі “Tut.by”. Аднак пэўныя рэчы на кітайскі ўзор — перашкоды доступу ў інтэрнэт і распаўсюду iнфармацыi — выпрабоўваюцца: напрыклад, фiльтруюцца расейскія гей-сайты.

Беларускія інтэрнэт-кавярні абавязаныя рэгістраваць пашпартныя зьвесткі сваіх наведнікаў. Яны таксама фіксуюць усю інфармацыю аб інтэрнэт-дзейнасьці кліентаў. У шэрагу беларускіх навучальных устаноў заблякаваны доступ да “непажаданых” вэб-старонак.

Летась беларускія ўлады перасьледавалі арганізацыю “Трэці шлях” (3dway.org), якая ў рубрыцы “Мултклюб” разьмясьціла сатырычныя мультфільмы палітычнага зьместу. У 2002 годзе, у тым ліку за спасылкi на публiкацыi ў інтэрнэце была зачыненая гарадзенская газета “Пагоня”.

У сваёй заяве з нагоды рэзалюцыі Эўрапарлямэнту “Рэпартэры бязь межаў” падкрэсьліваюць, што сёньня ў Эўропе надаецца найвялікшае значэньне свабодзе меркаваньняў у глябальным сеціве й спадзяюцца, што Эўразьвяз у супрацоўніцтве з ЗША будзе шукаць канкрэтных спосабаў, каб абараніць гэтую свабоду для грамадзянаў краінаў, дзе парушаюцца асноўныя правы чалавека.

На ініцыятыву “Рэпартэраў” адпаведны ліст у падтрымку свабоды слова і доступу да інтэрнэту падпісалі 32 буйныя кампаніі-інвэстары.
XS
SM
MD
LG