Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аршанца Ігара Крыштона затрымалі за плякаты “Свабоду Казуліну!”


Радыё Свабода, Віцебская вобласьць Плякаты з партрэтам былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна й патрабаваньнем вызваліць яго зьявіліся ў Воршы сёньня раніцай амаль на ўсіх цэнтральных аўтобусных прыпынках, а таксама на дошках для аб’яваў ды рэклямных стэндах.

Уначы каля аднаго з такіх плякатаў супрацоўнікі міліцыі затрымалі мясцовага актывіста Ігара Крыштона, былога сябра ініцыятыўнай групы Аляксандра Казуліна.

(Крыштон: ) “Цяпер ідзе суд над спадаром Казуліным. Мы лічым, што гэта ня суд, а судзілішча, я быў два дні на гэтым судзе, ведаю, што не прынята ніводнае заявы, ніводнага хадайніцтва ні самаго падсуднага, ні ягоных адвакатаў. Таму мы зь сябрамі рашылі зьвярнуць увагу грамадзкасьці на гэты суд — што судзяць экс-кандыдата на прэзыдэнта, а такога не было ні ў адной эўрапейскай краіне за апошняе дзесяцігодзьдзе. Вырашылі расклеіць такія ўлёткі “Свабоду Аляксандру Казуліну!”, і калі ўжо клеілі апошнюю, у цэнтры гораду, пад’ехалі супрацоўнікі міліцыі і затрымалі мяне”.

Паводле Ігара Крыштона, у гарадзкім аддзяленьні міліцыі яму давялося правесьці больш за восем гадзінаў, бо не знайшлося вольнага супрацоўніка, які б дапытаў актывіста. Урэшце, на яго склалі пратакол паводле 143-га артыкулу Кодэксу аб адміністрацыйных парушэньнях, кваліфікаваўшы ўчынак спадара Крыштона як “парушэньне правілаў добраўпарадкаваньня ды ўтрыманьня населеных пунктаў і разьмяшчэньне аб’яваў у неадпаведных месцах”.

16 ліпеня складзены міліцыянтамі пратакол мае разгледзець гарадзкая адміністрацыйная камісія. Згодна з адміністрацыйным заканадаўствам, за парушэньне 143-га артыкулу спадара Крыштона могуць папярэдзіць або накласьці на яго штраф да аднае базавае велічыні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG