Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзін дзень у сям’і палітвязьня Аляксандра Казуліна (фота)


Ганна Соўсь, Менск 50-гадовага Аляксандра Казуліна зь вязьніцы чакаюць жонка, дзьве дачкі, унук і бацькі. Былога кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна абвінавачваюць у хуліганстве й арганізацыі вулічных беспарадкаў. З 25 сакавіка палітыка трымаюць за кратамі — спачатку ў Жодзінскай турме, цяпер у Менскім сьледчым ізалятары. У судзе Маскоўскага раёну Менску цяпер адбываюцца судовыя слуханьні ў справе былога рэктара Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту й старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада”. Аляксандру Казуліну пагражае 6 гадоў зьняволеньня.

(Юля Казуліна: ) “Я выходжу з унівэрсытэту і бачу бацьку. Я да яго кідаюся, абдымаю яго, і кажу: “Папулечка. Цябе вызвалілі?” Ён кажа: “Не яшчэ”. Зьбіраецца шмат людзей, і ён гаворыць: “Рыхтуецца правакацыя, мяне хочуць яшчэ пасадзіць”. І я яго кудысьці вяду”.

Такі сон бачыла за тыдзень да пачатку суду над бацькам ягоная малодшая дачка Юля, студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.

Я гутару з жонкай і дочкамі Аляксандра Казуліна, седзячы ў прыгожай залі іхнай кватэры. Тут жа гуляе з машынкамі ўнук Казуліна Ўлад. На сьценах — шмат карцінаў (гэта захапленьне колішняга рэктара БДУ), паміж палотнамі — плякаты зь перадвыбарчай кампаніі Казуліна. У кватэры Казуліных шмат абразоў — частку зь іх прывёз зь Ерусаліму экс-рэктар БДУ. Кватэра ў прэстыжным раёне Менску, камфорт і дабрабыт, адсутнасьць праблемаў. Так было раней, кажа старэйшая дачка Казуліна Вольга.

(Вольга Казуліна: ) “Усе праблемы ў жыцьці разьвязваў бацька. У нас і праблемаў у жыцьці не было. У нас не было ні палітыкі, ні дзяржавы, мы ня ведалі, што такое дэмакратыя й недэмакратыя. Мы былі адасобленыя ад усяго. Мы лічылі, што ўсё сьветла, усё цудоўна. Бацька рэктар, і ў яго ўсё выдатна”.

Аднак з прыходам бацькі ў палітыку і зь ягоным арыштам усё зьмянілася. Вольга мае дзьве вышэйшыя адукацыі, добра ведае ангельскую мову й працуе з кампутарам — але не магла ўладкавацца на працу. Калі даведваліся, што яна дачка Казуліна, адразу адмаўлялі. Цяпер яна ўсё ж уладкавалася на працу ў адну фірму — і тое дзякуючы таму, што там дырэктарам яе былы муж. Адвярнуліся ад сям’і Казуліных і многія былыя знаёмцы па рэктарскай працы. Вольга Казуліна працягвае:

(Вольга Казуліна: ) “Засталіся абсалютна выбраныя людзі — і тое, мы ведаем, што яны з намі, але яны ня могуць сабе дазволіць быць прылюдна з намі. Такіх людзей раз, два, тры, чатыры. Нашмат болей было падхалімаў. Пакуль бацька быў пры ўладзе, яны былі зь ім. Як толькі ён не пры ўладзе, ён ужо ім не патрэбны. Гэтыя фальшывыя сябры гэтак жа дагэтуль пры ўладзе, аднак я думаю, што бацька зразумеў, хто ў яго застаўся сябрам”.

Тым, ня менш, адзначае Вольга Казуліна, засталіся сябры, якія цяпер дапамагаюць сям’і Казуліных у гэты складаны пэрыяд — і фінансава, і маральна.

Жонка Аляксандра Казуліна Ірына прызнаецца, што раней была, так бы мовіць, пад крыльцам у мужа, а вось пасьля арышту нечакана для сябе пачала актыўна займаецца грамадзкай дзейнасьцю, і ў многім цяпер ідзе шляхамі мужа. Ірына Казуліна і ўявіць раней не магла, што будзе мець сустрэчы такога высокага ўзроўню — як, напрыклад, зь віцэ-прэзыдэнтам ЗША Дыкам Чэйні, прэзыдэнтамі Ўкраіны, Грузіі, Літвы й Польшчы на міжнароднай канфэрэнцыі ў Вільні.

Я запытваюся ў спадарыні Ірыны: ці захоча яна зноў пад крыльца мужа па вяртаньні з-за кратаў Аляксандра Казуліна?

(Ірына Казуліна: ) “Я па-ранейшаму не жадаю нейкай самастойнай палітычнай ролі. Раней Аляксандар пайшоў у палітыку, а я сказала, што дапамагу яму, дзе спатрэбіцца. Але ў той жа час я не магу сказаць, што застануся такой, як была раней. Я буду яму больш вернай паплечніцай”.

Што найскладаней у чаканьні блізкага чалавека зь вязьніцы?

(Ірына Казуліна: ) “Самае складанае, што ты ня можаш спрагназаваць, як адгукнецца твая дзейнасьць. Ты езьдзіш, размаўляеш, пішаш. Зьвяртаесься да кагосьці, і ты ня ўпэўненыя, што гэта нейкім чынам паўплывае на лёс мужа”.

Працягвае Юля Казуліна:

(Юлія Казуліна: ) “Для мяне самае складанае, што майго бацькі няма. Калі мы вяртаемся ўсе з працы, з вучобы, мы можам сабрацца разам, паесьці трускавак, пагаварыць. Бацька нас абдыме… А цяпер ёсьць сям’я, але без кагосьці галоўнага”.

Дарэчы, у сям’і Казуліных мяне сапраўды частавалі трускаўкамі, і колькі было радасьці, калі ягоныя родныя даведаліся, што ў сьледчы ізалятар на Валадарскага можна перадаваць ягады.

(Ірына Казуліна: ) “Няўжо можна!.. У Жодзіне нельга было перадаваць ягадаў…”

Аляксандру Казуліну перадаюць за краты пераважна гародніну і садавіну, вось ужо некалькі гадоў, як ён ня есьць мяса. Родныя Казуліна вельмі перажываюць, што ня могуць перадаць яму малочных харчоў, якія той вельмі любіць.

Штодня жонка і дочкі адсочваюць праз інтэрнэт любую інфармацыю пра Аляксандра Казуліна. Гаворыць Юля Казуліна:

(Юлія Казуліна: ) “Раней я ўвогуле не чытала беларускіх сайтаў — “Свабоды”, “Партызана”. Як толькі ён пайшоў у палітыку, як толькі яго арыштавалі — усё, іншых сайтаў не існуе”.

У нашую размову актыўна ўмешваецца ўнук Аляксандра Казуліна Ўладзіслаў. Нядаўна ён разам з маці й бабуляй езьдзіў у Жодзіна на спатканьне зь дзядулем.

(Вольга Казуліна: ) “Бацька яму сказаў, што ён на працы, што ён змагаецца за беларускі народ”.

І цяпер Улад, якому цяжка ўсьвядоміць, што такое турма, на пытаньні пра дзядулю заўсёды адказвае, што той цяпер на працы.

Калі я падчас гутаркі пачала правяраць якасьць запісу на дыктафоне, Ірына Казуліна пажартавала:

(Ірына Казуліна: ) “У нас у хаце ўсё напічкана жучкамі, і калі ў вас не запішацца, патэлефануйце ў органы, яны там усё запішуць вельмі добра”.

Ірына Казуліна паводле адукацыі, як і Аляксандар Казулін, матэматык. Працуе ў Рэспубліканскім цэнтры праблемаў чалавека БДУ. Займаецца праблемами выбару прафэсіі, падбору кадраў. Дадаткова працуе ў аб’яднаньні, якое дапамагае жанчынам, хворым на рак малочнай залозы. Нядаўна яна была на міжнароднай канфэрэнцыі ў гэтай праблеме ў ЗША, і там выступала першая лэдзі ЗША Лора Буш.

(Ірына Казуліна: ) “Калі я зразумела, што гэта Лора Буш, я хуценька пачала пісаць ёй ліст пра майго мужа. Пайшла да трыбуны, каб перадаць ёй запіску, але не пасьпела й перадала ахоўніку, і ён абяцаў перадаць Лоры Буш. Калі я вярнулася ў Менск, выйшаў прэс-рэліз Белага дому, і я была вельмі шчасьлівая, што там было прозьвішча майго мужа. Хачу спадзявацца, што ў дадатак да маiх сустрэчаў на дастаткова высокiм узроўнi гэты лiст таксама адыграў нейкую ролю”.

Сям’я Казуліна рэгулярна атрымлівае з-за кратаў лісты, і ў некаторых зь іх вершы — філязофскія, разважлівыя. Малодшая дачка Юлія кажа, што складана ўявіць, што яны напісаныя ў турэмнай камэры.

Не надо благ обычных мне земных. За многие века ведь все они известны. Тропинкой истины добраться б мне к высотам поднебесным, Соединить миры в космическом пространстве, Соразмерность и гармонию найти.

Цяпер адбываецца судовы працэс над Аляксандрам Казуліным, і ягоная сям’я пільна сочыць за яго хадой. Надзеі на справядлівы суд застаецца ўсе меней і меней. Аднак Ірына Казуліна спадзяецца, што ўсё ж атрымаецца данесьці да людзей праўду.

(Ірына Казуліна: ) “Было б правільна, каб яго вызвалілі ў судовай залі. Я разумею, што гэтага ня зробяць. І што будзе потым, ці зноў яго ў Жодзіна павязуць, ці яшчэ куды — то я думаць пра гэта не хачу, і вырашаю, што буду чакаць”.

">
Ірына, Юля, Вольга і Ўлад разам — няма толькі Аляксандра Казуліна. Юля трымае ў руках кнігу А.Лукашука "Прыгоды АРА ў Беларусі".


Ірына Казуліна паказвае анёлаў, якія яна разам з Аляксандрам набыла на Каляды ў Празе


Ірына Казуліна побач зь перадвыбарчым плякатам мужа

Гл.таксама: Адзін дзень у сям’і палітвязьня Міколы Астрэйкі (фота) Адзін дзень у сям’і палітвязьня Сяргея Ляшкевіча (фота) Адзін дзень у сям’і палітвязьня Сяргея Скрабца (фота)
XS
SM
MD
LG