Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пакупнікі скардзяцца: "Гомельскі рыбакомплекс" пастаўляе няякасную рыбу


Радыё Свабода, Гомель “Гомельскі рыбакомплекс” – прадпрыемства, якое належыць Кіраўніцтву спраў прэзыдэнта, патрапіла ў цэнтр харчовага скандалу. Жыхары Гомелю паскардзіліся ў рэгіянальны камітэт дзяржкантролю на тое, што прадпрыемства пастаўляе ў харчовыя крамы няякасную рыбу.

Як высьветлілі кантралёры, у лютым-траўні прэзыдэнцкі рыбакомплекс накіраваў у гандлёвую сетку гораду звыш 1 тоны 200 кіляграмаў вэнджанай і слабапасоленай гарбушы і больш за паўтысячы бляшанак вострых селядцоў, непрыдатных для рэалізацыі. Тэрмін прыгоднасьці некаторай рыбнай прадукцыі сышоў больш за месяц таму.

Выканаўца абавязкаў дырэктара “Гомельскага рыбакомплексу” Ігар Траянаў не адмаўляе фактаў рэалізацыі няякаснай прадукцыі, праўда, зь некаторымі агаворкамі:

(Траянаў: ) “Праверылі прадукцыю, там было крыху пратэрмінаванай. Калі з нашага боку паглядзець на гэта – несправядліва. Не купляюць нашу прадукцыю. Калі з гледзішча закону, то прэтэнзіі справядлівыя”.

Рыбакомплекс пастаўляе сьвежамарожаную, вэнджаную ды іншую рыбу ва ўсе дзяржаўныя харчовыя крамы гораду.

Спадар Траянаў сьцьвярджае, што як дзяржаўнае прадпрыемства рыбакомплекс сплачвае ўсе падаткі. Таму іхняя рыба даражэйшая, чымсьці на рынках, якія забясьпечваюць прыватныя фірмы. Даражэйшая рыбная прадукцыя залежваецца, ня мае вялікага попыту.

Зрэшты, пакупнікі даўно заўважылі, што дзяржаўныя крамы нярэдка падносяць ім “рыбныя сюрпрызы”. Распавядае гомельская пэнсіянэрка:

(Пэнсіянэрка: ) “Купляла неяк селядзец. Ён ня сьвежы быў. Патушыла, але ня ела, скарміла кошцы. Рыба дарагая, пароду яе не разьбярэш. Ляжыць усохлая. Людзі купляюць самую танную”.

Дзяржаўныя кантралёры у сваю чаргу канстатуюць, што і танныя віды марской рыбы – марожаныя селядцы, скумбрыя, путасу – залежваюцца на складах “Гомельскага рыбакомплексу”, і ўжо пасьля заканчэньня тэрміну захоўваньня трапляюць ў рыбаперапрацоўчы цэх прадпрыемства.
XS
SM
MD
LG