Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наваполацак: бывай, “Химик”!


Радыё Свабода Спыніла выхад незалежная наваполацкая газэта “Химик”. Надарылася гэта ў сувязі з тым, што газэту выкінулі з падпіснога каталёгу, “Белсаюздрук” адмовіўся прадаваць яе ў шапіках, а мясцовы гарвыканкам ня выдаў ліцэнзіі на розьнічны продаж. У выніку 12 журналістаў і супрацоўнікаў рэдакцыі засталіся бяз працы.

Першы нумар “Химика” выйшаў 1 студзеня 1967 году, і ў свае лепшыя часіны яго наклад сягаў 26 тысячаў паасобнікаў. Свойчас у ім працавалі вядомыя літаратары Навум Гальпяровіч, Уладзімер Арлоў, Ірэна Жарнасек, Лявон Неўдах. Пры рэдакцыі дзеяла вядомае ў рэспубліцы літаратурнае згуртаваньне “Крыніцы”.

Распавядае галоўны рэдактар газэты Сяргей Балай:

(Балай: ) “Наступнага году “Химику” спаўняецца 40 гадоў, але да гэтай даты мы як выданьне не дажывем. Справа ў тым, што нас пазбавілі магчымасьці продажу газэты ў шапіках – гэта надарылася прыканцы 2005 году, – а мясцовае наваполацкае аддзяленьне “Белпошты” скасавала з намі дамову наконт дастаўкі газэты і наконт падпіскі ў Наваполацку і Полацку. Такім чынам, мы апынуліся ў вельмі цяжкай сытуацыі. Наладзіць сваю ўласную сыстэму падпіскі праз банкі рэдакцыі не ўдалося, бо людзі прызвычаіліся выпісваць газэту праз пошту. Сярод падпішчыкаў “Химика” шмат пэнсіянэраў: яны ня могуць прыйсьці ў банк і аформіць падпіску, бо раней яе афармлялі паштальёны”.

Да самага апошняга часу была спадзеўка, што ўдасца наладзіць разносны продаж газэты. Аднак спадзеўкі такія ня спраўдзіліся. Гаворыць Сяргей Балай.

(Балай: ) “Гарвыканкам, на жаль, адхіліў дзьве нашыя заяўкі на прадастаўленьне ліцэнзіі на розьнічны разносны продаж газэты, і ў выніку на дадзены момант мы фактычна засталіся без фінансавых сродкаў. Эканамічныя і, скажам так, іншыя мясцовыя ўмовы не даюць магчымасьці выпускаць газэту”.

Сяргей Балай заўважыў таксама, што ў горадзе актыўна распаўсюджваліся чуткі, што “Химик” існуе на амэрыканскія грошы, хаця насамрэч ніякіх грантаў рэдакцыя не атрымлівала.

А вось што сказаў аб прычынах закрыцьця газэты намесьнік галоўнага рэдактара Яўген Парчынскі.

(Парчынскі: ) “Хоць апошнім часам “Химик” быў ляяльны да ўладаў і зусім не займаўся палітыкай, але ўсё адно яго, як свабоднае выданьне, вырашылі здушыць. І галоўную ролю тут згуляў мясцовы выканкам. Гарвыканкам ня можа дараваць таго, што “Химик” заўсёды пісаў праўду наконт сацыяльных праблемаў. Вось таму і вырашылі адпомсьціць”.

Такім чынам, у горадзе вялікай хіміі Наваполацку засталося адно пэрыядычнае грамадзка-палітычнае выданьне – “Новая газета”. Газэту фінансуе і, адпаведна, рэглямэнтуе ейны зьмест гарадзкі выканаўчы камітэт.
XS
SM
MD
LG