Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З двух беларускіх канкурсантаў на “Славянскім базары” застаўся толькі адзін


Радыё Свабода У фінал конкурсу маладых выканаўцаў трапіла толькі салістка Белдзяржфілярмоніі Марына Васілеўская, якая перамагла летась у тэлевізійным конкурсе сьпевакоў “Фэст”. Другога прадстаўніка Беларусі на “Славянскі базар” дэлегавала міністэрства культуры. Але Руслан Мусьвідас, які ўжо быў заінтрыгаваў усіх выбарам рэпертуару, паабяцаўшы выканаць на конкурсе песьню “Канваір” у жанры так званай “блатной лірыкі” – гісторыю пра хлопца, якога вядуць на расстрэл за тое, што ён забіў сваю каханую, – ня змог адолець паўфіналу спаборніцтва.

Такое здарылася ўпершыню за апошнія некалькі год: звычайна абодва прадстаўнікі Беларусі даходзілі да фіналу і нават атрымлівалі ўрэшце першыя прызавыя месцы. Сёлета на прэсавай канфэрэнцыі перад пачаткам конкурсу маладых выканацаў старшыня міжнароднага журы Анатоль Ярмоленка адразу запэўніў журналістаў, што ніякага пратэкцыянізму ня будзе.

(Ярмоленка: ) “Я паважаю ўсіх чальцоў журы. І ніколі яшчэ конкурс ня быў заангажаваным “міжсабойчыкам” спаміж прысутных, у адрозьненьне ад іншых конкурсаў, якія мы ведаем. Калі “робіцца” канкрэтны выканаўца, вядзецца, потым яму даюць першае месца, потым яго раскручваюць, і адбіваюцца грошы. Тут не было такога, і, прынамсі сёлета, дакладна ня будзе.”

Конкурс маладых выканаўцаў у межах фестывалю “Славянскі базар” праходзіў учора і будзе працягвацца сёньня, а вынікі стануць вядомыя 11-га ліпеня. Гэта будзе, бадай што апошняй з галоўных мастацкіх падзеяў, бо ўсе астатнія ўжо адбыліся за выходныя: у “Горадзе майстроў”, дзе прадстаўляюць свае вырабы мастакі, прайшлі сьвяты кавалёў і ганчароў, адбыліся паказы сьпектакляў і кінапрэм’еры, засталіся ў мінулым самыя “зорныя” канцэрты: “Дзьве сястры – Беларусь ды Расея”, ды “Мне сьняцца сны аб Беларусі”, у якіх узялі ўдзел самыя вядомыя, перадусім расейскія, сьпевакі.

Сёньня большая частка артыстаў пачынае раз’яжджацца, і арганізатары фэстывалю ўздыхнуць з палёгкай. Бо на 15-ты, юбілейны, “Славянскі базар” гасьцей запрасілі болей, чымсьці было месцаў у гатэлях. Таму іх расьсялялі ў студэнцкія інтэрнаты, на турбазы і ў дзіцячыя летнікі. І калі журналісты пыталіся, як “зоркі” адрэагавалі на гэткія ўмовы прыёму, дырэктару фестывалю Радыёну Басу не заставалася нічога іншага, як жартаваць у адказ.

(Бас: ) “Тое, што ёсьць – то і ёсьць! Галоўная ўмова – гэта сцэна. І мы пастараліся зрабіць усё магчымае, каб сцэна ў нас была на міжнародным узроўні – гук, сьвятло ды ўсі астатняе. А што да іншага, дык праз два дні ў Маскве ў іх зноў будуць шыкоўныя бытавыя ўмовы!”

Сёлета прыежджых артыстаў масава расьсялялі і па прыватных кватэрах – паводле аб’яваў у рэклямных газэтах. Падобна, што віцябляне ўзялі на ўзбраеньне досьвед жыхароў курортных гарадоў, якія на летні час перасяляюцца ў пунькі ды іншыя “падсобныя” памяшканьні, а сваё жытло здаюць турыстам. Так усё часьцей здараецца і ў Віцебску: людзі здаюць свае кватэры ахвотным “фестываліць” з ранку да вечара, а самі ад’яжджаюць на лецішча: хто дзеля таго, каб заробіць лішнюю капейчыну ад кватарантаў, а хто – проста ад гарачыні ды тлуму.

Ці на таму на ўчорашнім сьвяце гораду, абвешчанага ў межах “Славянскага базару”, было так мала народу. Зрэшты, нейкіх адмысловых імпрэзаў, прымеркаваных да гэтага дня, у Віцебску й не было. Калі не лічыць штогадовага традыцыйнага шагалаўскага сьвята на Пакроўскай вуліцы “У гасьцях у Марка і Бэлы”. Гэтае сьвята заўжды праводзіцца да ўгодкаў Марка Шагала, і сёлета яно супала з часам правядзеньня “Славянскага базару”. Людзей на ім таксама было няшмат.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG