Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму небясьпечна купацца ў возеры Нарач?


Радыё Свабода Гарачае надвор’е ўсталявалася па ўсёй Беларусі. Людзі выехалі на вадасховішчы. Вельмі людна было гэтымі днямі на Мядзельшчыне – ў Нарачанскім краі.

У суботу й нядзелю тысячы чалавек адпачывала на Нарачы. Самае вялікае й прыгожае возера Беларусі прыцягвае сюды людзей з розных рэгіёнаў. Аднак пасьля купаньня ў ім многіх чакала расчараваньне – тутэйшая вада тоіць небясьпеку.

(Спадарыня Валянціна: ) “Вада цёплая. Толькі кепска, што ад яе высыпка. У мяне крыху і ў суседзяў таксама”.

(Спадар Уладзімір: ) “Малога прывёз – вунь у кашулі апрануты. Пакупаўся і плача ды плача. Цалкам яго абсыпала. І самога таксама”.

(Спадарыня Ганна: ) “У дачкі і зяця не было. А вось ва ўнука і ўнучкі – дзяцей – была высыпка”.

(Карэспандэнт: ) “Вы адкуль?”

(Спадарыня Ганна: ) “З Маладэчна”.

(Віка: ) “Мяне завуць Віка. Мне дзевяць гадоў”.

(Карэспандэнт: ) “Табе тут падабаецца?”

(Віка: ) “Так. Але цела сьвярбіць. Я жыву ў Ракаве.”

(Спадарыня Алена: ) “Мы думалі спачатку, што камары пакусалі. Але потым убачылі, што ад вады”.

(Спадарыня Валянціна: ) “Учора купаліся. А сёньня ўжо зьявілася. Тут нідзе няма душа, каб абмыцца”.

Высыпка – гэта скураное захворваньне, якое мэдыкі называюць цыркарыёзам. Паводле адміністрацыі нацыянальнага парку “Нарачанскі”, вінаватыя ў ім тутэйшыя лебедзі, качкі й іншыя вадаплаўныя птушкі. Яны нібыта выдзяляюць лічынкі, якія затым трапляюць ў азёрную ваду, а адтуль – на цела купальшчыкаў. Каб прадухіліць зьяўленьне сьвербу, патрэбна пасьля купаньня ў Нарачы абмыцца вадаправоднай ці крынічнай вадою. Аднак гэта магчыма тут толькі на пляжах, якія належаць мясцовым здраўніцам. Між тым, мноства людзей купаецца ўздоўж усяго берага Нарачы. Таму для большасьці зь іх адпачынак на возеры прыносіць ня радасьць і задавальненьне, а абарочваецца сапсаваным настроем.

(Спадар Уладзімір: ) “Я з Маладэчна. Сёньня прыехалі спецыяльна на Нарач. Малому паказаць чыстую ваду. Таму што ў нас у Вілейскім вадасховішчы зялёная вада. Але ёсьць тут нейкая зараза. Больш сюды не паеду. Лепш паеду на Вілейскае вадасховішча, хаця там і зялёная вада. Але там няма такой заразы”.

Турбуюць нарачанскіх турыстаў і тутэйшыя ўмовы адпачынку. Вось якімі ўражаньнямі яны падзяліліся з карэспандэнтам Свабоды.

(Спадарыня Валянціна: ) “Душ абавязкова патрэбен. Каб была магчымасьць купіць тут нешта прыстойнае для дзяцей. Таму што тут сокі не вельмі добрыя і вада”.

(Спадар Андрэй: ) “Хацелася б, каб тут было больш мангалаў і альтанак. Каб можна было адпачыць за столікам. Яшчэ каб было тут з пару крамаў, каб не езьдзіць у горад”.

(Спадарыня Вера: ) “Вада тут кепская з калёнкі. Асадак вельмі вялікі. Патрэбна, каб вада была абавязкова чыстаю. Каб абмыцца і нават папіць гэтай вады”.

Пракамэнтаваць гэтыя ўражаньні нарачанскіх турыстаў Радыё Свабода папрасіла лідэра Мядзельскай філіі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Андрэя Абалевіча.

(Абалевіч: ) “Калі ў нас былі прэзыдэнцкія выбары то Аляксандр Лукашэнка паабяцаў навесьці парадак ў Нарачанскім краі – ва ўсіх аздараўленчых структурах. Але пасьля завяршэньня выбараў нічога не зьмянілася: няма прыстойнай курортнай сфэры, дзе можна было б адпачываць. Ёсьць месцы, дзе можна пераначаваць. Адзіны добры санаторый – “Сосны”, які падпарадкоўваецца Кіраўніцтву спраў прэзыдэнта. Але там ўсё вельмі дорага, і ня кожны можа дазволіць сабе там адпачынак”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG