Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мілінкевіч у Горадні паабяцаў актывізаваць працу апазыцыі (фота)


Міхал Карневіч, Горадня У Горадні адбылася сустрэча Мілінкевіча з актывістамі апазыцыі. Актывісты Гарадзенскай вобласьці прынялі заяву, у якой выказваюць непакой палітычным зацішшам беларускай апазыцыі і патрабуюць актыўных дзеяньняў. Заяву перадалі Аляксандру Мілінкевічу. Той у сваю чаргу абяцаў, што на працягу некалькі тыдняў палітычнае жыцьцё апазыцыі стане больш актыўным.

Сустрэча актывістаў Гарадзеншчыны з А.Мілінкевічам адбывалася сёньня на вуліцы, паколькі ў памяшканьні уседзяць было немагчыма – сьпёка.

А.Мілінкевіч падзяліўся з прысутнымі сваімі вывадамі ад прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Ён падкрэсьліў што апазыцыя не прайграла выбараў. Галоўнае, на яго думку:

(Мілінкевіч: ) “Я думаю, што Беларусь ня страціла надзеі, а набыла. Беларусь пазбавілася ад страху, хаця і ня ўсе. І ў Беларусі большасьць хочуць зьменаў. Думаю, што гэта галоўнае дасягненьне”.

Аб стратэгіі ў бліжэйшы час распавядаў адзін з кіраўнікоў штабу Мілінкевіча Вінцук Вячорка. Зь яго словаў, Беларусь ужо знаходзіцца ў сыстэмным крызысе эканамічнай мадэлі, які да таго абцяжарваецца глыбокім крызысам каштоўнасьцяў і маралі. Гэтым крызысам, зь яго слоў, прасякнута ўсё беларускае грамадзтва. Таму апазыцыя ў бліжэйшы час намерана зьвярнуцца да беларускага народу з антыкрызысным пасланьнем.

(Вячорка: ) “Сутнасьць пасланьня ў тым, што толькі адкрытая свабодзе, адкрытая сьвету Беларусь можа ўратавацца перад абліччам непазьбежных зьменаў. Ключ да адкрыцьця – свабодныя дэмакратычныя выбары, датэрміновыя. Ніякага 2011 году.”

Пасьля выступіў Юры Хадыка, які выказаў крытычныя заўвагі асабіста А.Мілінкевічу. Ён зьвярнуў увагу на тое, што шмат часу пасьля выбараў апазыцыя знаходзіцца ў бязьдзейнасьці і заклікаў яго як мага часьцей наведваць рэгіёны.

Гарадзенскі актывіст, Сяргей Мальчык, зачытаў зварот да Мілінкевіча, у якім актывісты Гарадзеншчыны выказваюць занепакоенасьць бязьдзеяньнем беларускай апазыцыі. Ён падкрэсьліў, што увесь абласны штаб гатовы працаваць далей, рыхтавацца да блізкіх выбараў у мясцовыя Саветы, але іх вельмі палохае бязьдзейнасьць у Менску.

(Мальчык: ) “Ёсьць нейкае чаканьне, што ўсё адбудзецца само сабой, але нічога само сабой не адбываецца, трэба працаваць. Вельмі хутка пачнуцца мясцовыя выбары, да іх трэба рыхтавацца, трэба ўзгадняць пазыцыі, трэба вырашаць, што рабіць”.

Гэты зварот быў падтрыманы абсалютнай большасьцю.

А.Мілінкевіч абяцаў, што ўжо ў бліжэйшыя тыдні праца апазыцыі актывізуецца.

XS
SM
MD
LG