Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канфэрэнцыя ў Празе: адраджэньне па-беларуску і па-чэску


Алена Ціхановіч, Прага Трохдзённая канфэрэнцыя, на якой абмяркоўваліся беларуская і чэская мадэлі нацыянальнага адраджэньня, прайшла на факультэце гуманітарных навук Карлавага ўнівэрсытэту. Яна была арганізаваная найстарэйшым унівэрсытэтам Чэхіі і міністэрствам замежных справаў гэтай краіны. Дэкан факультэту прафэсар Ян Сокал, адкрываючы канфэрэнцыю, акрэсьліў тэрмін “адраджэньне” як ахоўны мэханізм, што забясьпечвае вяртаньне да нечага, што ўжо было. Да чаго ж сёньня вярнуліся беларусы і чэхі, чый працэс адраджэньня прынёс большы плён?

Чэхі і беларусы, на сёньня дзьве роўнавялікія нацыі, свой шлях адраджэньня і фармаваньня дзяржавы прайшлі ў значна розных умовах. Як прызнаюць гісторыкі, чэскае адраджэньне апераджала беларускае прыблізна на сто гадоў і ў вялікай ступені служыла яму ўзорам. Навукоўцы аднадушна характарызавалі стартавыя ўмовы чэскага адраджэньня як непараўнальна больш выгадныя. Напрыклад, прафэсар зь Беластоку Яўген Мірановіч нагадаў, што на пераломе XIX – XX стагодзьдзяў беларусы заставаліся пераважна сялянскай нацыяй, у той час як у чэхаў у сельскай гаспадарцы працавала ўжо толькі каля 40 працэнтаў насельніцтва. Калі ў беларусаў было прыблізна 85 працэнтаў непісьменных, узровень непісьменнасьці у чэхаў быў найніжэйшы ў Эўропе – не дасягаў і 7 працэнтаў. У той час, калі зьвілася на сьвет “Наша ніва”, чэхі мелі ўжо некалькі сотняў выданьняў.

Тым ня менш практычна адначасна на пачатку мінулага стагодзьдзя чэхі і беларусы зрабілі спробы аднаўленьня сваёй дзяржаўнасьці. Жыцьцяздольнасьць гэтых дзяржаваў параўноўвае прафэсар зь Беластоку Яўген Мірановіч:

(Мірановіч: ) "Чэхі маюць іншае гістарычнае дасьведчаньне. Заўсёды было Чэскае Каралеўства. Ці гэта была Аўстрыйская імпэрыя, яно было, Каралеўства Чэскае. Падчас першай сусьветнай вайны вельмі хутка ўзьнікла думка збудаваць уласную дзяржаўнасьць, і грамадзтва было гатовае. І тая дзяржава была збудаваная безь вялікіх намаганьняў. У Беларусі таксама такая ж думка нарадзілася пра дзяржаўнасьць: нічога з гэтага не атрымалася – грамадзтва не было гатовае".

Зьлева направа: у першым радзе Міхась Скобла, Генадзь Сагановіч, Сяргей Токць, у другім радзе Рышард Радзік, Ірына Багдановіч, Павал Церашковіч, Міраслаў Грох, Захар Шыбека, Ян Сокал, Андрэй Кіштымаў, у трэцім радзе Сяргей Запрудзкі, Алег Латышонак.

Блізкай удзельнікам была і тэма нацыянальных мітаў і нацыянальнай ідэі, якой прысьвяцілі свае рэфэраты праскі прафэсар Ян Рыхлік і ягоны калега з Горадні Аляксандар Смалянчук. Так, прафэсар Рыхлік апісаў фэномэн свайго роду пераходнага аднаўленьня, які дазваляе чэхам усьведамляць, што яны жывуць практычна ў адной дзяржаве ўжо тысячу гадоў. Беларускія ўдзельнікі гаварылі пра вартыя жалю спробы пачынаць адлік беларускай дзяржаўнасьці абвяшчэньнем БССР ці нават перамогай у апошняй вайне.

Прафэсар Белдзяржунівэрсытэту Павал Церашковіч, гаворачы пра параўнаўчы кантэкст працэсаў нацыянальнага адраджэньня ва Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропе, сярод лідэраў назваў тут эстонцаў і латышоў, а сярод аўтсайдэраў – беларусаў і малдаванаў.

Адказваючы на пытаньне аб прычынах незавершанасьці беларускага адраджэньня, дацэнтка Карлавага ўнівэрсытэту Гана Гладкава назвала занадта кароткія гістарычныя прамежкі, яму адведзеныя – заўсёды ня больш як 10 – 15 гадоў. На думку Ганы Гладкавай, каб працэс беларусізацыі быў завершаны, неабходна праводзіць яго прынамсі пры жыцьці трох пакаленьняў – мінімум 50 гадоў. На думку дацэнткі, адметнасьць беларускай сытуацыі ў тым, што яна паказвае, як сымбалічныя функцыі нацыянальнай мовы могуць быць важнейшымі за камунікацыйныя. Гана Гладкава лічыць, што цяпер нацыяўтваральным фактарам для беларусаў зьяўляюцца ня мова і культура, але дзяржава. Зьмена дзяржаўнага ўтварэньня, на думку дацэнткі, пры неспрыяльным зьбегу абставінаў можа азначаць заняпад беларускай нацыі.

Я запытала прысутнага на канфэрэнцыі прафэсара Карлавага ўнівэрсытэту Міраслава Гроха, аўтара вядомых дасьледаваньняў аб працэсах нацыянальнага адраджэньня ў Эўропе, ці можа прыклад суіснаваньня чэхаў і славакаў у сумеснай дзяржаве, у тым ліку так званая ідэя чэхаславакізму, паслужыць аргумэнтам для стварэньня саюзу Беларусі і Расеі.

(Грох: ) "Гэта проста адваротны прыклад. Чэхаславацкі досьвед – гэта прыклад таго, калі два сфармаваныя народы, са сваімі культурамі, са сваімі мовамі, са сваімі элітамі існавалі ў адной дзяржаве. Гэта вялікая розьніца з прыкладам Беларусі і Расеі, таму што, па-першае, беларусы не зьяўляюцца цалкам сфармаваным народам, расейцы не зьяўляюцца цалкам сфармаваным народам, таму што Расея – мульціэтнічная дзяржава, гэта афіцыйна гавораць і расейцы. Гэта нешта зусім іншае, я б гэта зусім не параўноўваў".

Гаворачы пра моўныя фактары адраджэньня, удзельнікі канфэрэнцыі зьвярнулі ўвагу, што беларусы ўвесь час знаходзіліся ў полі двухвэктарнага ўплыву, у той час як чэхам "пагражаў" уплыў аднаго моцнага суседа – нямецкага. Шмат разоў прагучаў тэзіс пра тое, што асыміляцыя беларусаў як з расейскага, так і з польскага боку была спрошчаная менавіта блізкасьцю славянскіх моваў. Чэскае ж адраджэньне мацнела ў супраціве анямечваньню, а мяшаньне гэтых моваў не было такім простым. Прытым, як прагучала у дыскусіі, нямецкая мова у часе Габсбурскай імпэрыі, хаця і была мовай урадавых установаў, адукацыі, афіцыйна дзяржаўнай мовай не абвяшчалася.

Увогуле, чэскія лінгвісты і гісторыкі выявілі даволі ляяльнае стаўленьне да праблемы дзвюхмоўя ў Беларусі. Вось, напрыклад, меркаваньне на гэтую тэму прафэсара Гроха:

(Грох: ) “Ня ведаю, як да гэтага паставіцеся, але мяркую, што адзінае выйсьце цяпер у Беларусі – не беларусізацыя, але дзьвюхмоўны народ. Так, як фіны зьяўляюцца дзьвюхмоўным народам, так і беларусы могуць быць дзьвюхмоўным народам, а тым больш, што гэтыя мовы блізкія. Я маю адчуваньне, што на практыцы да гэтага кіруецца Ўкраіна са сваімі дзьвюма мовамі: там украінская мова, у адрозьненьне ад беларускай у Беларусі, будзе, відаць, мацнейшай”.

Пракамэнтаваць гэтае выказваньне прафэсара я папрасіла прысутнага на канфэрэнцыі Юрку Станкевіча, выхадца зь вядомай беларуска-чэскай адражэнцкай сям’і:

(Станкевіч: ) “Мне здаецца, што гэта больш канстатаваньне факту, што беларушчына павінна загінуць. Гэта зарана і несправядліва да нас. У цяперашняй Беларусі практычна няма роўных умоваў для свабоднага разьвіцьця дзьвюх моваў, гэтая няроўнасьць усё яшчэ на карысьць чужое мовы. Адным словам, беларусізацыя як школьніцтва, так і ўсяго публічнага жыцьця – гэта найпрасьцейшы і найбольш справядлівы спосаб, як выправіць гістарычную крыўду ў дачыненьні да беларускай мовы і культуры".

(Карэспандэнтка: ) "Спадару Станкевіч, а чым вы патлумачыце такую пазыцыю чэскіх навукоўцаў, асабліва ў параўнаньні з той пазыцыяй, якую займаюць чэскія палітыкі – згадаю таго ж Вацлава Гаўла, які ў сваіх выступах, прадмовах, артыкулах выяўляе вельмі тонкае, дэталёвае разуменьне беларускай сытуацыі? Магчыма, чэскія лінгвісты ведаюць беларускую сытуацыю больш апасродкавана, зь нейкіх іншых крыніц?"

(Станкевіч: ) "Гэта вельмі важная рэч. Выглядае, што ёсьць адукацыйны істэблішмэнт, які вельмі кансэрватыўны і які фактычна сабатуе намаганьні палітыкаў".

Беларускі гісторык, літаратуразнаўца Язэп Янушкевіч прыехаў на канфэрэнцыю з навазнойдзенымі дакумэнтамі. Ён упэўнены, што аўтарам аднаго з рукапісаў, прысьвечаных адраджэньню чэскага народу, быў Вацлаў Ластоўскі, а другі з дакумэнтаў, праўдападобна, напісаны рукой Антона Луцкевіча:

(Янушкевіч: ) “З тых двух артыкулаў, якія я цяпер уводжу ў навуковы ўжытак (адшуканыя яны ў аддзеле рукапісаў Акадэмічнай бібліятэкі Летувы – гэта былая бібліятэка Ўрублеўскіх), вельмі магчыма, што накід артыкулу "Адраджэньне чэскага народу" належаў паплечніку Вацлава Ластоўскага Антону Луцкевічу. Мне ходзіць проста пра тое, што сувязі беларусаў і чэхаў пачатку XX стагодзьдзя да канца не дасьледаваныя яшчэ й на пачатку XXI стагодзьдзя. Зрэшты, пра што мы гаворым? Вы самі былі сьведкай, што навуковая нашая дыскусія і даклады ішлі на ўсіх мовах, акрамя беларускай. І мой улюбёны Вацлаў Ластоўскі няўтульна пачуваўся б на той далёкай саратаўскай зямлі ад аднаго ўсьведамленьня, што да пачатку XXI стагодзьдзя яго радзіма ня мае аніякага – ані чэска-беларускага, ані беларуска-чэскага слоўніка".

Больш аптымістычнымі былі ацэнкі трох дзён праскіх дыскусіяў, зробленыя беларускімі гісторыкамі Захарам Шыбекам і Генадзем Сагановічам, лінгвістам Сяргеем Запрудзкім ды іншымі ўдзельнікамі: на іх думку, гаворка ідзе перадусім аб навязваньні і працягу навуковых кантактаў, увядзеньні ў сумесны ўжытак шырэйшага абсягу крыніцаў, сумесным асэнсаваньні працэсаў разьвіцьця дзьвюх блізкіх нацыяў. Слоўнік – прадукт, які можа быць створаны на сацыяльную заказ даволі хутка і паслужыць працягу гэтага дыялёгу.
XS
SM
MD
LG