Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тыднёвы агляд міжнародных рэакцый на беларускія падзеі


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Напярэдадні саміту вялікай васьмёркі, што мае адбыцца на наступным тыдні ў расейскім Санкт-Пецярбургу, застаецца актуальным, ці будзе ўзьнятае беларускае пытаньне лідэрамі васьмі вядучых краінаў сьвету. Як заявілі агенцтву БелаПАН у прэсавай службе Дзярждэпартамэнту ЗША, беларускае пытаньне можа быць разгледжанае, нават калі ня будзе ўключанае ў афіцыйны парадак дня сустрэчы.

Галасы з патрабаваньнем абмеркаваць сытуацыю ў Беларусі гучаць у многіх краінах сьвету. З гэтым жа да фэдэральнага ўраду зьвярнулася і фракцыя зялёных у Бундэстагу – парлямэнце Нямеччыны. Гаворыць сябра партыі зялёных Марылюіза Бэк:

(Бэк: ) “Беларускае пытаньне павінна быць узьнятае ў Пецярбурзе. Афіцыйны Менск па-ранейшаму ігнаруе дэмакратычныя свабоды, у тым ліку свабоду прэсы, свабоду сходаў і гэтак далей, і такім чынам надалей ізалюецца ад Эўропы. Калі Расея выступае з прапановай пра дыялёг зь Беларусьсю, то, зразумела, удзельнікам пецярбурскага саміту трэба й спытацца ў Расеі, якую ролю яна зьбіраецца адыгрываць ва ўсім гэтым”.

***

У Брусэлі спэцыяльная рабочая група ў справах Беларусі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ на чале з дэпутаткай Бундэстагу Утай Цапф правяла дыскусію пра сытуацыю ў Беларусі. Ута Цапф заявіла, што збольшага задаволеная круглым сталом і тым, што ў ім удзельнічалі як прадстаўнікі афіцыйнай беларускай дэлегацыі, так і сябры апазыцыі. На пытаньне Свабоды, ці стала цяжэй размаўляць з афіцыйнымі беларускімі асобамі, або наадварот — лягчэй, Ута Цапф адказала:

(Цапф: ) “Ведаеце, прадстаўнікі афіцыйнага боку былі сёньня, так бы мовіць, вельмі пухнатыя. Сёньняшні круглы стол паказаў, што яны хочуць вярнуць сытуацыю назад, да пазытыўных дачыненьняў. Хацелася б аптымістычна паставіцца да гэтага. Але, калі глядзець рэалістычна, то пазытыўныя зьмены могуць ісьці вельмі нялёгка й павольна”.

Тым часам калегі Уты Цапф у нямецкім Бундэстагу – фракцыі зялёных і вольных дэмакратаў – напярэдадні летніх парлямэнцкіх вакацыяў пакінулі на разгляд дэпутатаў свае прапановы адносна падтрымкі дэмакратычнага руху ў Беларусі: ад працаўладкаваньня ў Нямеччыне звольненых паводле палітычных матываў беларусаў да пашырэньня сьпісу неўязных у Эўразьвяз беларускіх чыноўнікаў. Мяркуецца, што гэтыя прапановы будуць абмеркаваныя адразу пасьля летняй паўзы – на чарговым плянарным паседжаньні Бундэстагу ў верасьні.

А ў Варшаве з удзелам прэм’ер-міністра Польшчы Казімежа Марцінкевіча і лідэра беларускай аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча адбылося ўрачыстае адкрыцьцё стыпэндыяльнай праграмы імя Кастуся Каліноўскага для беларускіх студэнтаў. Нагадаем, праграма прадугледжвае дапамогу беларускім студэнтам, якія актыўна ўдзельнічалі ў палітычных падзеях вясны 2006 году.

***

Нямецкія "зялёныя" рэзка скрытыкавалі прэзыдэнта краіны Хорста Кёлера за ягоную віншавальную тэлеграму беларускаму лідэру Аляксандру Лукашэнку з нагоды дзяржаўнага сьвята Беларусі – 3 ліпеня. Нямецкія палітыкі сьцьвярджаюць, што, зьвяртаючыся да Лукашэнкі як да партнэра Нямеччыны, Кёлер адышоў ад агульнаэўрапейскай лініі. Сябры фракцыі “зялёных” у Бундэстагу заявілі, што двухбаковыя нямецка-беларускія дачыненьні могуць разьвівацца толькі пры ўмове прызнаньня Менскам дэмакратычных каштоўнасьцяў і выкананьня міжнародных абавязкаў, якія рэжым Лукашэнкі ігнаруе.

У замежных палітычных колах і СМІ набывае розгалас судовы працэс над былым кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі Аляксандрам Казуліным. Амбасада Нямеччыны, якая ў Менску таксама выконвае прадстаўнічыя функцыі старшыні Эўразьвязу, заявіла, што выдаленьне з залі суду эўрапейскіх дыпляматаў было неабгрунтаваным. У камэнтары нямецкай амбасады падкрэсьліваецца, што “назіраньне за судовымі працэсамі зьяўляецца правам дыпляматычных місіяў і часткай іх рэгулярнай дзейнасьці”. Амбасада яшчэ раз нагадала, што “стасункі зь Беларусьсю будуць разьвівацца ў залежнасьці ад таго, як краіна захоўвае міжнародныя абавязкі, што ўзяла на сябе”.
XS
SM
MD
LG