Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сытуацыя палітычных вязьняў: агляд тыдня


Алег Грузьдзіловіч, Менск Чаму будзе закрытым працэс над актывістамі “Партнэрства”? У якіх умовах у калёніі ў Глыбокім трымаюць актывіста са Шчучына Сяргея Ляшкевіча? Чаму да абароны Аляксандра Казуліна не дапусьцілі ягоную дачку Вольгу? З аглядам навінаў пра палітычных вязьняў Беларусі – наш карэспандэнт.

Працэс над актывістамі незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства” перанесены з 20-га ліпеня на 28-е і будзе закрытым. Гэтак вырашыў судзьдзя суду Цэнтральнага раёну Менска Леанід Ясіновіч, які будзе весьці працэс. Адвакат Тамара Сідарэнка, якой пра сваё рашэньне паведаміў судзьдзя Леанід Ясіновіч, ня ведае, чым судзьдзя гэта патлумачыў.

(Сідарэнка: ) "Пастанова мусіць быць у панядзелак, але я пакуль яе ня бачыла. Не выключаю, што можа і ня быць абгрунтаваньня, чаму закрыты працэс".

Паводле зьвестак сваякоў актывістаў “Партнэрства”, судзьдзя нібыта казаў пра тое, што не дазволіць ціску на яго з боку мэдыяў і палітычных актывістаў. Між тым, паводле адваката Тамары Сідарэнкі, закон патрабуе пэўнай прычыны правядзеньня працэсу за закрытымі дзьвярыма. Прыкладам, гэта можа быць небясьпека агалоскі дзяржаўных сакрэтаў альбо зьвестак асабістага характару.

Ці падпадае працэс над актывістамі “Партнэрства” пад гэтыя правілы? Назіральнікі адзначаюць, што актывісты гэтай арганізацыі спрабавалі наладзіць незалежнае назіраньне за выбарамі і не хавалі сваіх мэтаў. Пытаньняў пра дзяржаўныя сакрэты ў гэтай справе падчас сьледзтва не ўзьнікала. Таксама нікому невядома пра нейкія асабістыя сакрэты, у агалосцы якіх не былі б зацікаўленыя ўдзельнікі працэсу.

Бацькі актывістаў не выключаюць, што працэс над іх дзецьмі будзе праходзіць у новым будынку Цэнтральнага суду, які пераяжджае ў былы будынак Беларускага гуманітарнага ліцэю. Вядома, што лідэр “Партнэрства” Мікалай Астрэйка закончыў гэты ліцэй і вучыўся менавіта ў тым будынку, дзе цяпер яго будуць судзіць. Маці юнака Яўгенія кажа, што гэта яе сына нават усьцешыла.

(Астрэйка: ) "Ён мне казаў, што калі гэта будзе так, то мне і сьцены родныя дапамогуць. Гэтак ён казаў, а як яно будзе?"

Актывіст штабу Аляксандра Мілінкевіча са Шчучына Сяргей Ляшкевіч, якога асудзілі за падрыхтоўку да тэрактаў, два тыдні таму быў пераведзены ў турму ў Глыбокім. Гэтая турма месьціцца ў старым манастырскім будынку. У якіх умовах апынуўся Сярей Ляшкевіч?

Ягоная маці паведаміла Свабодзе, што сын патрапіў у камэру, дзе сядзяць 15 чалавек. Там вельмі сьпякотна і не хапае сьвежага паветра, бо ўсе паляць. Прагулкі дазволеныя ўсяго на гадзіну. Паводле Браніславы Ляшкевіч, стан здароўя яе сына пагоршыўся.

Гэтым тыднем у Маскоўскім судзе Менска пачаўся працэс над экс-кандыдатам на прэзыдэнта Аляксандрам Казуліным. Сярод іншых падзеяў на працэсе адзначу просьбу палітыка дапусьціць да яго абароны старэйшую дачку Вольгу, якая мае юрыдычную адукацыю. Пракурор заявіў, што ў яе няма ліцэнзіі, і судзьдзя з гэтым пагадзіўся ды адхіліў просьбу. “Гэта незаконна, бо закон дазваляе любому сваяку быць абаронцам, нават зусім без адукацыі”, – заявіла Вольга Казуліна. Яна мяркуе, што ўлады мэтанакіравана абмяжоўваюць кантакты яе бацькі з усімі сваякамі.

Жонка палітыка Ірына Казуліна гэтак камэнтуе сытуацыю ў судзе:

(Казуліна: ) “Вельмі цяжка. Але што мяне радуе – муж трымаецца, не паддаецца паніцы, паводзіць сябе вельмі прыстойна”.
XS
SM
MD
LG