Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працягваецца галадоўка берасьцейскіх прадпрымальнікаў


Радыё Свабода, Берасьце Уладальнікі маршрутных таксі пратэстуюць супраць няправільнага, на іх погляд, дастасоўваньня падатковымі службамі ўказу пра ўвядзеньне рэспубліканскага збору, што тычыцца выкарыстаньня транспарту ў прадпрымальніцкай дзейнасьці.

Паводле словаў прадпрымальніцы Любові Разановіч, акрамя яе галадоўку працягваюць Алена Авечкіна, Генадзь Канапліцкі, Аляксандар Дараткевіч і Любоў Лаўруковіч. Стан адной з галадоўніц, спадарыні Авечкінай, якая хворая на цукровы дыябет, пагоршыўся, але спыняць акцыю яна пакуль не зьбіраецца.

На пачатку наступнага тыдня колькасьць галадоўнікаў можа павялічыцца. Пра свой намер далучыцца да акцыі пратэсту кажуць сваякі тых, хто ўжо галадае, а таксама некаторыя кіроўцы маршрутных таксі. 10 ліпеня яны зьбіраюцца перадаць адпаведныя заявы ў Берасьцейскі аблвыканкам.

Галадоўка берасьцейскіх прадпрымальнікаў пачалася пасьля таго, як 5 ліпеня Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусі адхіліў скаргі чатырох мясцовых уладальнікаў таксі на конт дзеяньняў падатковых службаў. Нягледзячы на тое, што так званы рэспубліканскі збор за выкарыстаньне транспартных сродкаў у камэрцыйных мэтах уведзены ўказам Аляксандра Лукашэнкі ў красавіку 2004 году, падаткоўцы прымушаюць сплаціць гэты збор і тых прадпрымальнікаў, што ўвезьлі ў Беларусь мікрааўтобусы яшчэ за некалькі гадоў да зьяўленьня ўказу. Уладальнікам маршрутных таксі выстаўленыя рахункі ад 25 да 50 мільёнаў рублёў, але, паводле апошніх зьвестак, гэтыя сумы не канчатковыя і могуць істотна павялічыцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG