Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беламор-канал”


Вінцэсь Мудроў, Полацак Новая перадача сэрыі "Летні альбом". Страшныя, сьмешныя, забытыя словы і паняцьці пары застою ўспамінае Вінцэсь Мудроў.

Сёньняшні аповед не пра штучнае рэчышча, збудаванае на костках вязьняў ГУЛАГУ, а пра знакамітыя папяросы. І павядзём мы яго ў кантэксьце далёкіх ужо 60-х гадоў.

“Беламор-канал”, ці папросту “Беламор”, каштаваў 22 капейкі. Гэта былі самыя папулярныя ў краіне папяросы. Тут самая пара заўважыць, што ў курцоў была завядзёнка: паліць папяросы адной і той жа фабрыкі. У Беларусі найлепшым лічыўся гарадзенскі “Беламор”. Ну а самыя лепшыя папяросы ў Саюзе – так, прынамсі, казалі заўзятыя курцы – выпускала ленінградзкая тытунёвая фабрыка імя Ўрыцкага.

Калі да нас прыяжджаў зь Ленінграду дзядзька Пятро, муж маёй роднай цёткі, ён прывозіў цэлую валізу піцерскіх папяросаў. Частаваў імі майго бацьку ды ягоных знаёмых, і яны гамузам сьцьвярджалі, што ленінградзкія папяросы духмянейшыя і мацнейшыя за гарадзенскія.

“Беламор” любілі паліць былыя франтавікі. Пры гэтым многія зь іх насілі партабакі і палілі праз муштукі. Памятаю, у аднаго бацькавага сябра, франтавіка, быў трафэйны нямецкі муштук: пажоўклы, з пагрызеным бурштынавым канцом. Муштукі забівала тытунёвая смала, і іх трэба было кожнага разу прачышчаць мэталёвым прутком. Тытунёвую смалу курцы празь няведаньне называлі нікацінам.

У “Беламору” быў свой беларускі адпаведнік – папяросы “Нёман” з малюнкам чэзлай бярэзіны на пачку. “Нёман” таксама каштаваў 22 капейкі, але ня меў вялікага попыту. Другое месца па папулярнасьці займаў “Север” – улюбёныя папяросы кіроўцаў ды мэханізатараў. Каштаваў “Север” 14 капеек. Адна важная дэталь. Калі трэба было запісаць нечы адрас ці марку нейкіх запчастак, мэханізатары, дый ня толькі яны, пісалі на папяросным пачку.

Самымі прэстыжнымі папяросамі лічыўся “Казьбек” коштам 30 капеек. Просты люд паліў яго толькі ў рэстаранах, пастукаўшы, за прыкладам кадравых афіцэраў, папяросінай па пачку і дзьмухнуўшы ў гільзу. А самымі непрыстыжнымі – “Прыбой” за 12 капеек ды “Байкал”. “Байкал”, праўда, у сярэдзіне 60-х зьнік з продажу. Філёзаф Валянцін Акудовіч распавядаў пра свайго бацьку, простага рабочага, які ўсё жыцьцё марыў перайсьці з “Прыбою” на “Беламор”, ды так і ня даў рады гэтага зрабіць: бракавала грошай. У крамах і чайных “беламорыны” можна было набыць паштучна. Бралі звычайна дзьве штукі: адну ў зубы, другую за вуха.

Прыкладна ў 1967 годзе адбылася зьмена агульнай парадыгмы тытунепаленьня. Курцы масава ўпадабалі цыгарэты. Спрыяў таму завоз танных баўгарскіх цыгарэт: “Лайкі”, “Сонца”, “Шыпкі”. Маё пакаленьне папяросаў ужо не паліла. Адно што ў інстытуце, “на бульбе”, спаліўшы прывезеныя з дому цыгарэты, даводзілася пераходзіць на папяросы. У вясковых крамах з курыва быў толькі “Кэнэл” – так, на заходні манер, называлі мы “Беламор-канал”.
XS
SM
MD
LG