Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд “Свабоды”: навіны навукі за тыдзень


Валер Каліноўскі, Прага На мінулым тыдні эколягі выявілі новыя пагрозы для экасыстэмы Антарктыды, археолягі знайшлі самы стары ўзор ювэлірных вырабаў у гісторыі чалавецтва, а ангельскія спэцыялісты ў галіне электронікі распрацавалі новую тэхналёгію вырабу мікрачыпаў.

Цяпер людзі актыўна сочаць за модай, але, як выглядае, і 100 тысяч гадоў таму людзі ведалі, як упрыгожыць сябе, каб выглядаць больш прывабна. Пра гэта сьведчаць вынікі дасьледаваньняў, праведзеных пры падтрымцы Эўрапейскага навуковага фонду. Навукоўцы знайшлі ў музэйных калекцыях дзьве стужкі зробленых з ракушак пацерак, якія могуць лічыцца найстарэйшымі ў гісторыі чалавецтва ўпрыгожаньнямі. Яны паходзяць з тэрыторыі сучасных Ізраілю і Альжыру і на 25 тысяч гадоў старэйшыя, чым пацеркі, якія дасюль лічыліся самымі старымі – тыя пацеркі былі знойдзеныя два гады таму ў Паўднёвай Афрыцы.

Апрача таго, гэтыя экзэмпляры ўпрыгожаньняў сьведчаць пра разьвіцьцё чалавечых здольнасьцяў да абстрактнага мысьленьня, паколькі нашэньне ўпрыгожаньняў зьяўляецца сымбалічнай практыкай. Раней жа меркавалася, што людзі пачалі выкарыстоўваць сымбалі пасьля таго, як мігравалі са сваёй афрыканскай прарадзімы ў Эўропу 35 тысяч гадоў таму.

Тым часам эколягі на нядаўняй сустрэчы ў Эдынбургу выказалі ўстурбаванасьць новымі, раней не прадбачанымі пагрозамі для Антарктыды.

Навукоўцы асьцерагаюцца патэнцыйнага нашэсьця чужародных відаў жывёлін. Раней з-за аддаленасьці Антарктыды ад цывілізацыі і вялікага холаду на ёй меркавалі, што чужародныя элемэнты ня могуць пагражаць надзвычай уразьлівай флёры і фаўне гэтага мацерыку. Аднак рост колькасьці паездак людзей у гэты рэгіён – як навукоўцаў, гэтак і турыстаў, а таксама эфэкт глябальнага пацяпленьня паставілі Антарктыду перад новымі пагрозамі.

У прыбярэжных водах Антарктыды ўжо зьявіліся паўночнаатлянтычныя павуковыя крабы, якія былі прывезеныя туды зь нейкім транспартам. Пакуль што незразумела, як размнажаюцца крабы ў новай для сябе экасыстэме, але тое, што іх там знайшлі, ужо стала прычынай для трывогі навукоўцаў. Караблям, што прыбываюць у Антарктыду, цяпер забаранілі зьліваць ваду з іншых акіянаў, якая выкарыстоўваецца як баляст.

А з наступнага году навукоўцы спадзяюцца ўвесьці адмысловы кодэкс паводзінаў наведнікаў Антарктыды, каб засьцерагчы мацярык да чужароднай фаўны. Цягам мінулых 50 гадоў тэмпэратура на лядовым мацерыку паднялася на тры градусы, клімат пацяплеў, сьнег і лёг пачалі больш актыўна раставаць, стала больш месца для расьлін, у тым ліку травы – гэтыя зьмены могуць з часам зынакшыць аблічча Антарктыды, у тым ліку яе фаўну і мікрафлёру, і ў выніку разбурыць не кранутыя раней арэалы.

Вынаходзтва супрацоўнікаў Лёнданскага ўнівэрсытэту, як мяркуецца, стане рэвалюцыяй у галіне вырабу мікрачыпаў.

Для вытворчасьці мікрачыпаў, якія выкарыстоўваюцца ў сучасных кампутарах і іншай электроннай тэхніцы, патрэбны дыаксыд крэмнію, які вырабляецца ў вялізных печах пры тэмпэратуры, большай за 1000 градусаў паводле Цэльсіюса. Дасьледчыкі зь Лёнданскага ўнівэрсытэту знайшлі чым замяніць гэтую не бяскрыўдную для навакольнага асяродзьдзя і вельмі дарагую вытворчасьць. Іх тэхналёгія дазваляе вырабляць дыаксыд крэмнію пры пакаёвай тэмпэратуры, што больш экалягічна і адначасова танна. Цяпер вядуцца перамовы зь вялікімі кампаніямі што да выкарыстаньня новай тэхналёгіі ў вытворчасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG