Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вялікай Брытаніі ўшанавалі памяць ахвяраў леташніх тэрактаў


Тацяна Поклад, Прага Год таму, 7 ліпеня 2005-га, выбухі ў трох цягніках мэтро і ў аўтобусе забралі жыцьці 52-х чалавек.

(Вядоўца: ) “Ці на сёньняшні дзень існуе поўнае тлумачэньне таго, што здарылася год таму?”

(Поклад: ) “Ужо пры канцы дня нападаў быў зразумелы маштаб трагедыі, пазьней высьветліліся дэталі. Вынікі расьсьледаваньня паказалі, што тры тэрарысты-самагубцы былі дзецьмі першага або другога пакаленьня эмігрантаў з Пакістану, чацьверты напад учыніў жыхар Брытаніі, які нарадзіўся на Ямайцы і прыняў іслам. Два з нападнікаў езьдзілі ў Пакістан ў рэлігійную школу. Як мяркуецца, там іх і падрыхтавалі да нападаў. Але дасюль невядома, ці яны кантактавалі з “Аль-Каідай” у Пакістане, ці рыхтавала “Аль-Каіда” тэракты ў Лёндане.

Сама сувязь лёнданскіх тэрактаў з “Аль-Каідай” дасюль пад пытаньнем. Пітэр Кларк, які ачольвае антытэрарыстычную групу ў лёнданскай паліцыі, кажа, што “ня лёгка высьветліць, што здарылася, і з таго, што вядома, можна меркаваць, што гэта, магчыма, “Аль-Каіда”.

І застаюцца незразумелымі да канца ўсе матывы, зь якіх маладыя хлопцы – тры зь іх грамадзяне Вялікай Брытаніі – так радыкальна настроіліся супраць брытанскага грамадзтва. На гэтым тыдні арабскі тэлеканал “Аль-Джазіра” паказала выступ аднаго з нападнікаў Шэхзада Танвіра, запісаны напярэдадні нападу. Ён кажа, што выбухі 7 ліпеня 2005 году – толькі пачатак цэлага шэрагу тэрактаў. Брытанскі ўрад не пацьвердзіў аўтэнтычнасьці гэтага відэазапісу.

Брытанская паліцыя кажа, што магчымасьць паўтору тэрактаў разглядае вельмі сур’ёзна. Камісар лёнданскай паліцыі Ян Блэйр сёньня сказаў: “Я думаю, будуць далейшыя напады, фактычна я ведаю, што новыя напады будуць”. Ён гаворыць, што цягам апошняга году паліцыя папярэдзіла тры напады. Ён таксама сказаў: “Якімі страшнымі ні выглядалі б тэрарысты, гэта проста нішто ў параўнаньні зь сілай лёнданцаў”.
XS
SM
MD
LG