Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці рэальны роспуск Вярхоўнай Рады Ўкраіны?


Сяргей Навумчык, Прага Парлямэнцкі крызіс ва Ўкраіне атрымлівае нечаканае разьвіцьцё. На пасаду сьпікера абраны лідэр Сацыялістычнай партыі Аляксандар Мароз. Адбыўся раскол “аранжавай кааліцыі”, якую складалі блёк Юліі Цімашэнкі, Сацыялістычная партыя Мароза і прапрэзыдэнцкая партыя “Наша Ўкраіна”.

Сёньня палітычная рада Партыі рэгіёнаў заявіла пра намер вылучыць на пасаду прэм’ера Віктара Януковіча, колішняга суперніка цяперашняга прэзыдэнта Віктара Юшчанкі. Мы патэлефанавалі ў Кіеў і папрасілі дырэктара Інстытуту глябальных стратэгіяў Вадзіма Карасёва пракамэнтаваць падзеі ў Вярхоўнай Радзе.

(Карасёў: ) “Прычына ў тым, што ніводная зь вялікіх палітычных партыяў – ні “Наша Ўкраіна”, ні Партыя рэгіёнаў, ні блёк Юліі Цімашэнкі – ня здолелі самастойна сфармаваць парлямэнцкай большасьці. Такая большасьць магла быць сфармаваная толькі невялікімі партыямі, з адпаведнымі пазыцыямі. Вось такой партыяй, якая магла ўзяць удзел у фармаваньні як аранжавай кааліцыі, так і іншай кааліцыі, з Партыяй рэгіёнаў, былі якраз сацыялісты. А ўлічваючы тое, што Мароз даўно хацеў вярнуцца на пасаду сьпікера і гэтым завяршыць сваю палітычную кар’еру, то той, хто запрапанаваў яму пасаду сьпікера, той і заручыўся яго падтрымкай у фармаваньні кааліцыі. Па-другое, у самой аранжавай кааліцыі не было еднасьці, а былі антаганізмы. У партыі “Наша Ўкраіна” і ў блёку Юліі Цімашэнкі зь еднасьцю былі праблемы. Уявіце, што ў “Нашай Украіне” ня ўсе дэпутаты нават падтрымалі кандыдатуру Пятра Парашэнкі на пасаду сьпікера”.

Аналітыкі Радыё Свабода не выключаюць, што прэзыдэнт Украіны распусьціць Вярхоўную Раду і абвесьціць новыя выбары. Пра неабходнасьць такога кроку заявіла сёньня й Юлія Цімашэнка. Мы спыталіся ў кіеўскага палітоляга Вадзіма Карасёва, наколькі рэальны такі варыянт.

(Карасёў: ) “Роспуск маларэальны. Па-першае, трэба мець юрыдычныя працэдуры роспуску, а іх пакуль што няма. Па-другое, трэба мець гарантыі вынікаў на новых парлямэнцкіх выбарах. “Наша Ўкраіна” такіх гарантыяў ня мае. А вось Партыя рэгіёнаў Януковіча якраз знаходзіцца цяпер на палітычным уздыме і на выбарах можа набраць яшчэ больш галасоў, чым набрала. Для Юлі Цімашэнкі гэта выгадна, таму што яна можа правесьці палітычную кампанію “аранжавыя супраць бела-блакітных”, і тут адзіным лідэрам, які на выбарах можа кансалідаваць аранжавыя сілы, ёсьць якраз Цімашэнка. Прэзыдэнт жа ня будзе браць удзелу ў выбарах. Ёй гэта выгадна як палітыку, які лідэру партыі. Але гэта нявыгадна прэзыдэнту і “Нашай Украіне”. Так што роспуску, хутчэй за ўсё, ня будзе”.
XS
SM
MD
LG