Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якое сьвята можа аб’яднаць беларусаў?


Радыё Свабода, Наваполацак На пытаньне тыдня адказваюць сёньня жыхары Наваполацку.

(Спадар: ) “На маю думку, аб’яднаць беларусаў у адзіную нацыю можа Купальле. Можна сказаць, што Купальле – сьвята беларускага нацыянальнага адраджэньня”.

(Спадарыня: ) “Гэтае сьвята, як мне здаецца, трэба яшчэ прыдумаць. Яго пакуль што не існуе. Любоў да свайго народу – так яно мае называцца. Калі беларусы пачнуць паважаць самі сябе, сваю культуру, сваю нацыю, тады і ўзьнікне гэтае сапраўднае сьвята для ўсіх людзей”.

(Спадар: ) “Магчыма, Купальле, таму што гэтае сьвята самае старажытнае ў Беларусі. Яно вядомае з паганскіх часоў і дагэтуль сьвяткуецца і шануецца беларусамі. Калі адрадзіць старажытныя традыцыі, распаўсюдзіць іх, тады й будзе такое сьвята”.

(Спадар: ) “Адзінае сьвята, якое на сёньня магло б аб’яднаць беларусаў, гэта 9 траўня”.

(Спадарыня: ) “Усе сьвяты, якія ёсьць, як сьведчыць практыка, ня маюць ніякага значэньня. Тыя, што адчуваюць сябе беларусамі, яны й без таго беларусы. А астатнім ніякія сьвяты цяпер не дапамогуць. Час патрэбны. Для кансалідацыі нацыі патрэбны пэўны час”.

(Спадар: ) “Можна б было ўвесьці дзень беларускай народнасьці, які б аб’яднаў усё разам, у тым ліку й беларускую культуру. Але на нацыянальнай аснове”.

(Спадарыня: ) “Нацыю аб’яднае беларускі Новы год!”

(Спадар: ) “Мяркую, што такім сьвятам будзе абраньне новага прэзыдэнта. Гэта й будзе сьвята, якое аб’яднае большасьць беларусаў”.

(Спадарыня:) “Сьвята, якое аб’яднала б усіх беларусаў, павінна паходзіць са старажытнасьці. Гэта мае быць нейкае язычніцкае сьвята, напрыклад, Купальле. Нас аб’яднае вяртаньне да сваіх каранёў”.

(Спадар: ) “На гэтае пытаньне адкажу так: ніякае. Бо ў любой нацыі, ня толькі ў беларусаў, існуюць глыбокія адрозьненьні паміж рознымі сацыяльнымі групамі. І заўсёды ёсьць групы, якія аддзяляюць сябе ад астатніх”.

(Спадар: ) “Такога сьвята няма, але ня выключана, што яно ў блізкім часе зьявіцца”.
XS
SM
MD
LG