Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Горадні міліцыянты затрымалі некалькіх пікетоўцаў


Сяргей Астраўцоў, Горадня Шасьцёх удзельнікаў несанкцыянаванай акцыі пасадзілі ў два “варанкі” і даставілі ў Ленінскі РАУС. Пікет, хаця ён быў няпоўны, працягваўся прыблізна паўгадзіны. Пазьней на вуліцы Савецкай былі затрыманыя яшчэ два актывісты – пра гэта паведаміў адзін з арганізатараў пікету. Дзяжурны РАУС адмовіўся даваць інфармацыю аб затрыманых.

Пікет мелі правесьці мясцовыя сацыял-дэмакраты і актывісты АГП. Яны хацелі нагадаць гарадзенцам пра зьніклых палітыкаў і апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага, а таксама паінфармаваць пра тое, што ў сталіцы пачаўся судовы працэсу супраць Аляксандра Казуліна. Пікетоўцы падрыхтавалі ягоныя партрэты, а таксама — для раздачы мінакам — апошнія два нумары “Народнай волі”.

Інфармацыя пра маючую адбыцца акцыю трапіла і ў Інтэрнэт. У прызначаны час — у 17.30 на месцы, на вуліцы Савецкай, 4, былі напагатове міліцыянты на чале з палкоўнікам Чабанавым з абласной міліцыі. Былі падрыхтаваныя чатыры “варанкі”, усяго ў гэтым месцы знаходзіліся шэсьць міліцэйскіх машын.

Большасьць тых, хто зьбіраўся ўдзельнічаць у акцыі, мусілі адмовіцца ад сваёй задумы. Толькі прыблізна восем чалавек сталі ў рад і запалілі зьнічы. Партрэты А.Казуліна ніхто не трымаў, “Народнай Волі” не раздавалі. Міліцыянты фільмавалі ўдзельнікаў акцыі і змушалі іх разысьціся, тлумачачы, што мерапрыемства несанкцыянаванае. Потым пад’ехалі два “варанкі”, шасьцёх удзельнікаў пасадзілі туды і даставілі ў пастарунак.

Удзельнікі несанкцыянаванай акцыі ў Горадні
XS
SM
MD
LG