Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка адкрывае шпіталь і “Славянскі базар”


Радыё Свабода, Віцебск Паводле даўняй ужо завядзёнкі, у дзень адкрыцьця фэстывалю “Славянскі базар у Віцебску” Аляксандар Лукашэнка ўрачыста адкрывае яшчэ які-небудзь сацыяльна значны аб’ект у абласным цэнтры.

Зазвычай такія адкрыцьці маюць чыста сымбалічны характар: чырвоную стужку пераразаюць для “карцінкі” па тэлевізіі, бо новы або адноўлены аб’ект пачаў быў функцыянаваць яшчэ задоўга да прыезду урадавай дэлегацыі. Так было, да прыкладу, з адкрыцьцём мосту імя Кірава ў Віцебску, які адмыслова зачынялі да прыезду Лукашэнкі. Так здарылася і з шпіталем хуткай мэдычнай дапамогі, які ўрачыста адкрыўся пасьля капітальнага рамонту сёньня, нягледзячы на тое, што спраўна прымаў пацыентаў і дагэтуль.

Намесьнік галоўнага доктара па хірургіі Юры Мартаў расказаў журналістам, што для адрэстаўраванага хірургічнага корпусу за дзяржаўныя грошы нядаўна набылі самае сучаснае мэдычнае абсталяваньне.

(Мартаў: ) “Я б не сказаў, што гэта крок наперад – гэта калясальны скачок наперад! Мы можам разьядноўваць тканкі безь вялікай страты крыві – вось стаіць амэрыканскі апарат – зь мінімальным расходам наркатычнага рэчыва і поўным кантролем за ўсімі жыцьцёва важнымі функцыямі арганізму. Мы можам рабіць ляпараскапічныя апэрацыі, хаця мы іх і раней рабілі, але ня ў тым аб’ёме і ня ў той колькасьці, бо ў нас бракавала такога абсталяваньня. І я думаю, мы будзем засвойваць новыя тэхналёгіі, больш складаныя”.

Што да выгляду шпіталю, то гэта быў клопатам гораду. Цягам апошніх двух гадоў калектывы віцебскіх прадпрыемстваў ладзілі там суботнікі, у выніку сродкаў хапіла нават на фантан перад уваходам. Пацыенты шпіталю адразу палюбілі гуляць вакол яго, але сёньня ім забаранілі выходзіць у двор, бо час прыезду Аляксандра Лукашэнкі быў вядомы толькі прыблізна – каля 16-й гадзіны – і супрацоўнікі міліцыі яшчэ зранку ахоўвалі устаноўленыя мікрафоны і дывановую дарожку перад уваходам на тэрыторыю шпіталю.

Прыехаў Аляксандар Лукашэнка толькі ў пачатку на шостую, вітаць яго выйшлі дактары, а таксама жыхары навакольных дамоў, якія амаль увесь дзень цікавалі за падрыхтоўкай да сустрэчы. Аднак падысьці да чырвонай дывановай дарожкі бліжэй як на 10 мэтраў міліцыянты ім не дазволілі.

Супрацоўнікаў міліцыі на віцебскіх вуліцах сёньня ўвогуле як ніколі шмат, бо сюды зьехалася разам шмат кіраўнікоў рознага ўзроўню. Дзяржаўны сакратар саюзнай дзяржавы Павел Барадзін сёньня таксама вандраваў па Віцебшчыне: ён наведаў гаспадарку “Рудакова”, якая займаецца вырошчваньнем ды кансэрваваньнем гародніны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG