Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя затрымлівае ўдзельнікаў акцыі салідарнасьці


Радыё Свабода, Менск Сёньня, у шостую гадавіну з дня зьнікненьня Зьмітра Завадзкага, актывісты апазыцыйных партыяў і моладзевых рухаў сабраліся на Кастрычніцкай плошчы ў Менску на акцыю “Салідарнасьць у імя Свабоды”. Міліцыя і спэцназ перашкодзілі правядзеньню акцыі, ачапіўшы яе ўдзельнікаў.

А 18.45 з Кастрычніцкай плошчы перадавала нашая карэспандэнтка Любоў Лунёва:

(Лунёва: ) “На плошчы сабралася некалькі дзясяткаў чалавек – прадстаўнікі апазыцыйных партыяў і незарэгістраваных моладзевых рухаў. Супрацоўнікі спэцназу і міліцыі затрымалі ўжо некалькіх чалавек, якія выходзілі з мэтро, каб далучыцца да акцыі салідарнасьці.

У гэтыя хвіліны спэцназ выціскае людзей з плошчы. Супрацоўнікі міліцыі падкрэсьліваюць, што акцыя не санкцыянаваная. Міліцыя выціскае з пляцу таксама й журналістаў, прычым журналістам не дазваляюць выйсьці за ачапленьне. Толькі што ўдарылі фотакарэспандэнта агенцтва “Associated Press” Сяргея Грыца. Некалькім маладым людзям удалося вырвацца з ачапленьня: яны пабеглі ў бок унівэрсаму “Цэнтральны”. Сярод людзей, ачэпленых спэцназам, я бачу Анатоля Лябедзьку. У двары за Палацам прафсаюзаў стаяць два аўтазакі, яшчэ два міліцэйскія аўтобусы знаходзяцца ў двары ўнівэрсаму”.
XS
SM
MD
LG