Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня – шэсьць гадоў з дня зьнікненьня Зьмітра Завадзкага


Любоў Лунёва, Менск 7 ліпеня шэсьць гадоў таму зьнік тэлеапэратар расейскага каналу ОРТ Зьміцер Завадзкі. Ягоны аўтамабіль знайшлі на стаянцы Нацыянальнага аэрапорту “Менск”. Падчас сьледзтва ў выкраданьні Зьмітра абвінавацілі крымінальную групу былога байца “Алмазу” Валер’я Ігнатовіча. Але ў судзе так і не знайшлі адказаў на пытаньні, дзе знаходзіцца Зьміцер Завадзкі й які ягоны лёс.

У пракуратуры адмовіліся адказаць на пытаньне, ці зьявіліся нейкія новыя факты, якія дапамогуць выявіць месцазнаходжаньне Зьмітра Завадзкага. Сёлета 31 сакавіка крымінальную справу прыпынілі.

Вядома, што сьледчы Ўладзімер Чумачэнка летась быў у камандзіроўцы ў Ізраілі менавіта ў сувязі з крымінальнай справай групы Валер’я Ігнатовіча. Пра вынікі паездкі ён гаварыць адмовіўся, спаслаўшыся на таямніцу сьледзтва. Калегі Зьмітра Завадзкага праводзілі самастойнае журналісцкае расьсьледаваньне. Яны не выключаюць, што са Зьмітром расправіліся як зь непажаданым сьведкам, бо ён раней быў асабістым апэратарам Аляксандра Лукашэнкі. Не выключаюць і звычайнай помсты, бо, калі ён сышоў і працаваў на ОРТ, быў арыштаваны разам з Паўлам Шараметам за рэпартажы зь беларуска-літоўскай мяжы.

Калегі Зьмітра й актывісты апазыцыі ладзілі шэраг вулічных акцыяў, каб забраць увагу грамадзкасьці да справы зьнікненьня журналіста. Летась 7 ліпеня ў часе разгону пікету спэцназавец зьбіў жонку Зьмітра Сьвятлану Завадзкую. Улады не пакаралі байца спэцназу. У афіцыйным адказе жанчыне паведамілі, што дзеяньні спэцназаўца прызнаныя правамоцнымі. Маці Зьмітра Вольга Рыгораўна лічыць, што ўлады не зацікаўленыя даць аб’ектыўную інфармацыю аб тым, што здарылася зь яе сынам.

(Завадзкая: ) “Прайшло шэсьць гадоў, і ніякіх зьменаў няма. Даводзілася запытваць пракуратуру аб тым, якія рабіліся дзеяньні, бо яны ж казалі, што ў выпадку апэратыўна-пошукавых дзеяньняў нас будуць прыцягваць, — дык яны не далі адказу. Цяжка казаць, рабілі яны нешта ці не, але ж вынік красамоўны. Пра якое спачуваньне можа ісьці размова?!.. Нявестка летась атрымала ўдар у твар, дык яе абвінавацілі, што сама вінаватая. Яны ж ідуць плячо да пляча. Сама так летась прайшла ў абдымку са спэцназаўцам да самай рэчкі на Нямізе. Яны кажуць: вы з намі не спрачайцеся, бо мы натрэнэраваныя, як сабакі. Якое можа быць спачуваньне?”

Штогоду калегі Зьмітра Завадзкага і актывісты апазыцыі ладзяць жывыя ланцугі пад лёзунгам “Хочам ведаць праўду”. Зьміцер Завадзкі зьнік у 2000 годзе, у 1999-м зьніклі вядомыя палітыкі Віктар Ганчар, Юры Захаранка і бізнэсовец Анатоль Красоўскі. Іхны лёс дагэтуль невядомы.

Сёньня некалькі дзясяткаў актывістаў апазыцыйных партыяў і моладзевых рухаў стануць жывым ланцугом на Кастрычніцкай плошчы сталіцы.
XS
SM
MD
LG