Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адзначылі 124-ю гадавіну з дня нараджэньня Янкі Купалы


Галіна Абакунчык, Менск У Купалаўскім парку Менску адбылася сьвяточная імпрэза, прымеркаваная да 124-й гадавіны з дня нараджэньня Янкі Купалы. Імпрэза была арганізаваная літаратурным музэем паэта пры ўдзеле прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі й менскіх школьнікаў.

Сталыя й юныя прыхільнікі творчасьці Янкі Купалы ўсклалі да помніка бел-чырвона-белыя кветкі. Паэт Васіль Жуковіч прачытаў вершы, бард Пятро Русаў выканаў песьні, напісаныя на словы паэта. Дырэктар музэю Сяргей Вечар кажа, што ўрачыстасьць прайшла сьціпла, бо вялікая колькасьць прыхільнікаў Купалавай творчасьці прызвычаілася да сьвята, якое штогод адбываецца на радзіме паэта ў Вязынцы.

(Вечар: ) “У нас рэкорд наведваньня ў Вязынцы. І мы чакаем, што й заўтра багата людзей прыедзе ў Вязынку. Бо надвор’е спрыяльнае, а праграма цудоўная. Сёлета мы запрашаем шмат бардаў, маладых паэтаў, а ў Маладэчне ўвогуле склаўся конкурс — хто будзе выступаць у Вязынцы”.

Мастак Мікола Купава падчас прамовы нагадаў, што аўтар вядомага воклічу “Жыве Беларусь” – Янка Купала. І калі б улады шанавалі нацыянальную ідэю, то дзень нараджэньня паэта мог бы стаць выдатнай падзеяй у жыцьці краіны, кажа спадар Купава.

(Купава: ) “Радыё Свабода на гэтым тыдні абвясьціла пытаньне: якія сьвяты могуць аб’яднаць нацыю? Дык вось менавіта сьвяты, якія былі ахрышчаныя нацыянальнай ідэяй: 25 сакавіка, 8 верасьня, дзень нараджэньня Янкі Купалы ды іншых вялікіх дзеячоў. Гэта ўсё тыя сьвяты, якія павінны аб’ядноўваць нацыю”.

Дагэтуль застаецца няпэўным лёс помніка Янку Купалу ў Маскве. Нагадаю, што паводле міжурадавых дамоўленасьцяў яго плянавалі адкрыць яшчэ да 120-гадовага юбілею паэта ў 2002 годзе. Манумэнт быў устаноўлены мінулай восеньню, і яго адкрыцьцё плянавалася да 10-годзьдзя беларуска-расейскай інтэграцыі 2 красавіка. Аднак гэтага не адбылося, і калі пройдзе такая ўрачыстасьць, невядома, кажа дырэктар Купалаўскага музэю Сяргей Вечар.

(Вечар: ) “Павінна быць сустрэча двух прэзыдэнтаў. Вось як адкрывалі помнік Абаю — Назарбаеў і Пуцін. Такое ж адкрыцьцё павінна быць і тут. Але пакуль што няма такіх сустрэч, а гэта мы ўжо ня ведаем чаму. Таму, я так разумею, і не прызначана дата ўрачыстага адкрыцьця”.

Паводле Сяргея Вечара, Міністэрства культуры Беларусі падтрымала ідэю паставіць копію маскоўскага помніка ў музэі Янкі Купалы ў Менску. Плянуецца, што гэта адбудзецца ў наступным годзе — да 125-годзьдзя песьняра.
XS
SM
MD
LG