Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Берасьцейскія галадоўнікі: “Судзьдзі кажуць: нерэальна такія сумы плаціць”


Радыё Свабода Берасьцейскія прадпрымальнікі, якія бяруць удзел у галадоўцы, па-ранейшаму настойваюць на адмене рашэньня падатковых органаў, паводле якога ўладальнікі маршрутак мусяць сплаціць дзясяткі мільёнаў рублёў — так званы рэспубліканскі збор за выкарыстаньне аўтамабіляў у камэрцыйных мэтах.

Як апавяла адна з галадоўніц Любоў Разановіч, пра свой намер адмовіцца ад ежы паведамілі пяць чалавек. Усе яны перадалі адпаведныя заявы на імя старшыні Берасьцейскага аблвыканкаму Канстанціна Сумара. У заявах гаворыцца, што галадоўка распачатая як пратэст супраць няправільнага дастасоўваньня падатковымі службамі ўказу Аляксандра Лукашэнкі №140 ад 25 красавіка 2004 году.

Гэтым указам вызначаны рэспубліканскі збор за выкарыстаньне транспартных сродкаў у прадпрымальніцкай дзейнасьці. У дакумэнце не пазначаны час, зь якога будзе ўведзены гэты збор. Урэшце падатковыя службы Берасьця з уласнай ініцыятывы вырашылі спагнаць грошы і з тых прадпрымальнікаў, якія пачалі выкарыстоўваць у сваёй дзейнасьці машыны яшчэ да 2004 году. Уладальнікам маршрутных выставілі рахункі ад 25 да 50 мільёнаў рублёў.

З гэтай прычыны восеньню мінулага году некаторыя берасьцейскія прадпрымальнікі пачыналі ўжо галадоўку, якая працягвалася каля тыдня. Акцыя была спыненая толькі пасьля таго, як мясцовыя ўлады запэўнілі, што спаганяць грошы з уладальнікаў мікрааўтобусаў ня будуць, а намесьнік старшыні Вышэйшага гаспадарчага суду Яўген Сьмірноў прыпыніў выкананьне ўжо разгледжаных справаў супраць гэтай групы прадпрымальнікаў.

Аднак сёлета гэтыя справы зноў трапілі на разгляд спачатку Гаспадарчага суду Берасьцейскай вобласьці, а на гэтым тыдні — у Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусі. Паводле судовых рашэньняў, уладальнікі аўтамабіляў усё ж мусяць сплаціць рэспубліканскі збор. Гэты і падштурхнула прадпрымальнікаў да новай акцыі пратэсту. Расказвае Любоў Разановіч:

(Разановіч: ) “І самае галоўнае — крык душы. У Вышэйшым гаспадарчым судзе судзьдзі судзяць, і на гэты раз нам кажуць: “Толькі не здавайцеся, мы вас разумеем — гэта нерэальна такія сумы плаціць”. Тым ня менш каманда дадзеная, і мы, не чакаючы прэзыдыюму гэтага суду, зноў вырашылі абвясьціць галадоўку. Таму што прэзыдыюм — гэта ўжо апошняя кропка. Будзе прэзыдыюм — усё: кажуць плаціць, і калі гэтага ня зробіш, мы яшчэ не даедзем ад Менску да Берасьця, як забяруць бусік”.

Галадоўка працягваецца па месцы жыхарства прадпрымальнікаў. Сёньня некаторыя зь іх зьбіраліся сустрэцца з адным з намесьнікаў старшыні аблвыканкаму. Аднак сустрэча была адмененая, бо ў аблвыканкаме паведамілі, што пакуль ня маюць зьвестак пра рашэньне гаспадарчага суду.
XS
SM
MD
LG