Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Тэрмінова спыніце ганебнае, стопрацэнтна лжывае судзілішча над Аляксандрам Казуліным!"


Радыё Свабода Водгукі слухачоў за пятніцу, 7 ліпеня. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку, а таксама дасылаць СМС-паведамленьні па нумары 391-22-24.

(Спадарыня: ) “Для мне асабіста і для маіх родных будзе сьвята, калі ў нас будзе сапраўдная прававая, дэмакратычная дзяржава, аніякага аўтарытарнага рэжыму. Я спадзяюся. Дзякую. Усяго добрага”.

(Спадар: ) “Я мяркую, што толькі нацыянальныя сьвяты, якія сфармаваліся ў нетрах нацыянальнай ідэі, могуць аб’яднаць нацыю. Такімі сьвятамі зьяўляюцца перамога пад Грунвальдам, перамога пад Клецкам, пад Воршай, 25-га сакавіка, 27-га ліпеня і г.д., а таксама дні нараджэньня вялікіх дзеячоў нашай гісторыі і культуры. Гэта дзень нараджэньня Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча. І вось сёньня якраз ужо адно з найбольшых, вялікіх сьвятаў – дзень нараджэньня Янкі Купалы. І будзе яно праходзіць каля помніку вялікаму песьняру. І вось паглядзім, колькі народу прыйдзе туды. Я думаю, што народ прыйдзе. Прыходзьце! Будзем сьвяткаваць дзень нараджэньня вялікага Янкі Купалы”.

(Спадарыня, Магілёў: ) “Калі выбары ў мясцовыя саветы будуць праходзіць па тых жа законах і правілах, што і 19-га сакавіка, то вынікі ў Лукашэнкі ўжо падрыхтаваныя. Нешта можа зьмяніцца толькі ў тым выпадку, калі выбары будуць без усялякіх датэрміновых галасаваньняў, без хаджэньняў са скрыняй па дамах, трэба цалкам зьмяніць членаў выбарчай камісіі. Членамі выбарчай камісіі павінны быць 50 % з аднаго боку і 50 % з другога. Інакш выбары ня будуць такімі, як належыць”.

(Спадар: ) “Вас турбуе інвалід 1-й групы. Я 16 гадоў праслужыў у Расейскай праваслаўнай царкве сьвятаром. Пасьля галасаваньня за Аляксандра Мілінкевіча я званіў вам і заявіў, што гатовы пайсьці на Кастрычніцкую плошчу і далучыцца да пратэсту супраць гвалту і пагрозаў, якія абрынуліся на тых, хто мае сваё меркаваньне. Я стрымаў сваё слова і прыйшоў на плошчу, але мяне не прапусьцілі туды. Да мяне падышоў міліцыянт, і брыкнуў мяне нагой па твары, і раскалоў верхнія зубы. Так што есьці мне цяпер стала вельмі цяжка – у дадатак да ўсіх маіх балячак.

Але мне ўсё ж такі хацелася б зьвярнуць увагу на становішча ўсіх інвалідаў у Беларусі. Да прыкладу, атрымліваю я мізэрную пэнсію – 107 тысяч рублёў. У мяне хворыя ногі, але лячыць іх дактары ня хочуць дый ня могуць, бо ў асноўным усе нашыя хваробы маюць гарманальную прычыну з-за дрэннай работы шчытападобнай залозы, якая выпрацоўвае гармоны, што кіруюць работаю сэрца, нырак, пячонкі і г.д. У нас у Беларусі няма ніводнага доктара-гарманоляга, ніводнага спэцыяльнага аддзяленьня...”

(Спадар: ) “Вядома, у нашай дзяржаве яшчэ шмат чаго дзікага, настолькі дзікага, што страшна глядзець. У “Камсамолцы” апублікавана нататка, як хлопчыку маці даслала канькі, і як тут зьдзекуюцца, бо трэба бабульцы, у якой малая пэнсія, 200 даляраў заплаціць, каб выкупіць гэтую пасылку. Проста сьлёзы наварочваюцца, да чаго адміністрацыя, кіраўніцтва краіны, няважна хто, але наколькі мы дзікія, страшна дзікія людзі. І камэнтар: вызваліць ад пошліны можа толькі прэзыдэнт. Во як! Вось пра што трэба расказваць!

Ці вось Аўтуховіча, прадпрымальніка, аўганца, пасадзілі на такі доўгі тэрмін – гэта ж барбарства! Большага барбарства я не магу прыдумаць. Вось пра гэта трэба расказваць і паказваць, якія мы дзікія”.

(Эвальд Іванавіч Гатоўскі, Менск: ) “Добры дзень, даражэнькія сябры Радыё Свабода! Вось прапаную слухачам Радыё Свабода запісаць матэматычную формулу дэмакратыі. 2 – 3 = К. Пад літарай К трэба разумець слова канстытуцыя. Гэтая мая прапанова датычыцца судовага працэсу, які праходзіць над былым рэктарам дзяржаўнага ўнівэрсытэту спадаром Казуліным. Яму добрага здароўя! А слухачы хай запомняць формулу дэмакратыі. Будзьце здаровыя!”

(Спадар: ) “Судзілішча над Аляксандрам Казуліным – гэта ганебная палітычная расправа з апанэнтам дэмакратыі, з разумным, мужным чалавекам, які з экрана тэлебачаньня сказаў праўду пра ўсе злачынствы і беззаконьні, якія адбываюцца ў нашай краіне”.

(Ларыса, пэнсіянэрка зь Менску: ) “Гісторыкам задаюць пытаньні, наколькі Менск быў разбураны падчас вайны 1941 году. Я карэнная мянчанка, у 1941-м годзе скончыла першую клясу, хачу падзяліцца сваімі дзіцячымі ўспамінамі.

Менск да вайны быў утульным горадам з вузкімі вулачкамі, у асноўным былі асабістыя дамы. Цэнтар – гэта вуліцы Савецкая, Ленінская, Карла Маркса. А далей ужо татарскія агароды, Няміга, Ніжні базар, Кальварыя. Нашая вуліца, дзе былі прыватныя дамы, цягнулася ўздоўж Сьвіслачы ў раёне опэрнага тэатру. Дык вось, у 41-м годзе цэнтар гораду, калі пачалася вайна, – гэта былі руіны. Мы, дзеці, называлі цэнтар пагарэлішчам і там хаваліся. Усе царквы і касьцёлы засталіся цэлыя, і нават вялося богаслужэньне. Царква заўсёды аб’ядноўвае людзей. Нашыя самалёты вельмі часта бамбілі Менск, бамбілі тыя месцы, дзе знаходзіліся немцы, – гэта раён опэрнага тэатру і штаб, які знаходзіўся ў канцы нашай вуліцы. Там пабудавалі да вайны шматпавярховы дом. Дык мы якраз былі ў гэтым цэнтры, куды кідалі бомбы. Аднойчы ў часе такога налёту – гэта ўжо амаль у канцы вайны – было вельмі страшна. У той час параніла майго дзядзьку: бомба разарвалася побач з нашым домам, а дом, куды кіравалі бомбы, так і цяпер стаіць”.

(Спадарыня, Магілёў: ) “Ніводны тэлеканал 25-га сакавіка, нават “Эўраньюз”, не паказаў ніводнага сюжэту, што дэманстрацыя на чале з Аляксандрам Казуліным паводзіла сябе агрэсіўна, што ў руках у дэманстрантаў былі недазволеныя прадметы ў выглядзе палак, жалезных прутоў і г.д. Людзі ішлі мірна, каб маральна падтрымаць арыштаваных сяброў, якія былі нязгодныя з вынікамі прэзыдэнцкіх выбараў 19-га сакавіка. Ня быў зьбіты ніводны міліцыянт, ніводныя дзьверы турэмнай камэры не былі адчыненыя – нічога не было зроблена проціпраўнага. Так што, судзьдзя Аляксандра Казуліна, у вас ілжывае абвінавачаньне. Тэрмінова спыніце ганебнае, стопрацэнтна лжывае судзілішча над Аляксандрам Казуліным! І як судзьдзя ня ганьбіце свайго імя, калі вы сапраўды сумленны чалавек”.

(Вольга, Баранавічы: ) “Ня судзьдзі, а прынцэсы на гарошыне! Майка з партрэтам Казуліна на адлегласьці паўкілямэтра здольная зрабіць на суд ціск. Зразумелая цяпер функцыя вусатых партрэтаў, якія сочаць за гаспадарамі малых ды вялікіх кабінэтаў”.
XS
SM
MD
LG