Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 6-ю гадавіну зьнікненьня Завадзкага ў Менску пройдзе акцыя салідарнасьці


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня – роўна шэсьць гадоў, як у Менску зьнік апэратар расейскага тэлеканалу ОРТ Зьміцер Завадзкі. Раніцай 7 ліпеня 2000 году ён паехаў у аэрапорт "Менск-2" сустрэць з Масквы свайго калегу Паўла Шарамета і быў выкрадзены. Нягледзячы на тое, што па справе Завадзкага адбыўся судовы працэс і некалькі чалавек былі асуджаныя, знайсьці цела Завадзкага дагэтуль не ўдалося. З ініцыятывы Аб''яднанай грамадзянскай партыі сёньня ў Менску ў 18.30 на Кастрычніцкай плошчы адбудзецца акцыя, прымеркаваная да трагічнай падзеі ў ліпені 2000 году.

Як паведамляе намесьнік старшыні АГП Ігар Шынкарык, акцыя рыхтуецца ў новым фармаце:

(Шынкарык: ) “Раней мы выходзілі з партрэтамі зьніклых палітыкаў. А цяпер праводзім акцыю “Салідарнасьць у імя Свабоды”. Мы запрашаем ня толькі родных зьніклых палітыкаў, але таксама ўсіх, чые сваякі, паплечнікі, калегі зьяўляюцца палітычнымі вязьнямі. Мы выходзім з партрэтамі ня толькі зьніклых, але й тых, каму ўжо вынесеныя прысуды ці каго яшчэ судзяць. У такім фармаце акцыя адбудзецца ўпершыню”.

Яшчэ адна вестка напярэдадні акцыі ў Менску прыйшла з Нью-Ёрку. Рада ў правах чалавека Арганізацыі Аб''яднаных Нацыяў аднагалосна прыняла Міжнародную канвэнцыю для абароны ўсіх асобаў ад гвалтоўных зьнікненьняў.

“Гэта крок насустрач праўдзе й справядлівасьці”, – лічыць сябра й калега Зьмітра Завадзкага Павел Шарамет. Ён кажа, што сёлета ў лістападзе Генэральная Асамблея ААН разгледзіць пытаньне аб выкананьні дакумэнту міжнароднай супольнасьцю. Паводле Паўла Шарамета, гэта надае ўпэўненасьць:

(Шарамет: ) “Выканаўцы гэтага злачынства будуць знойдзеныя. Тыя людзі, што аддалі злачынны загад, я ўпэўнены, будуць пакараныя. І яшчэ большую адказнасьць мусяць панесьці тыя палітыкі, той прэзыдэнт і тыя людзі, якія стварылі ў краіне такую атмасфэру і ўмовы, каб можна было скрадаць і забіваць людзей. Трагічная гісторыя са Зьмітром, таксама як і злачынствы супраць іншых палітыкаў, – гэта павінна стукаць у нашых сэрцах, пакуль праўда, справядлівасьць і жыцьцё не перамогуць”.

Маці Зьмітра Завадзкага Вольга Рыгораўна паведаміла, што беларуская грамадзянская ініцыятыва “Мы памятаем” накіравала ў гэтыя дні асабістую падзяку на адрас больш як 260 замежных арганізацыяў і грамадзянаў. Яны актыўна падтрымліваюць вышук Зьмітра й іншых зьніклых, кажа Вольга Завадзкая. Яна ж паведамляе й пра чарговы ліст з Пракуратуры Беларусі:

(Завадзкая: ) “Яны пішуць, што справа перапыненая. І ніякага іншага тлумачэньня на пытаньні, чаму і што было зроблена. Цалкам адпіска”.

(Карэспандэнт: ) “Мне цяжка пытацца, але ўсё-такі: якім будзе для вас сёньняшні дзень?”

(Завадзкая: ) “У цяжкіх успамінах. Яшчэ раз пракруцяцца ў памяці жудасныя дні й ночы. Страшна ўсьведамляць, што прайшло шэсьць гадоў, але ніякіх вынікаў...”
XS
SM
MD
LG