Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму перанесены на 28 ліпеня суд над актывістамі "Партнэрства"?


Любоў Лунёва, Менск Суд над актывістамі незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства” пераносіцца на з 20-га на 28-га ліпеня. Цімафея Дранчука, Міколу Астрэйку, Эніру Браніцкую і Аляксандра Шалайку абвінавачваюць у кіраваньні арганізацыяй, якая парушае інтарэсы і правы грамадзянаў. Ад 21 лютага актывістаў “Партнэрства” трымаюць па асобку пад вартай у сьледчым ізалятары.

Сваякам Міколы Астрэйкі, Эніры Браніцкай, Аляксандра Шалайкі і Цімафея Дранчука пакуль афіцыйна не паведамілі прычыну пераносу судовага паседжаньня. Першымі пра навіну даведаліся сваякі Цімафея Дранчука, якія пайшлі ў суд Цэнтральнага раёну па дазвол на спатканьне. Адной з магчымых прычынаў пераносу суду называюць пераезд у іншы будынак, які раней належаў Нацыянальнаму гуманітарнаму ліцэю.

У свой час Цімафей Дранчук і Мікола Астрэйка былі навучэнцамі ліцэю. Маці Міколы Яўгенія Астрэйка ня можа паверыць, што яе сына будуць судзіць у будынку, дзе прайшлі яго самыя шчасьлівыя гады. Яна ўзгадала, як прывяла туды ўпершыню 13-гадовага Міколку.

(Астрэйка:) “Я памятаю, як мы прыйшлі паступаць у ліцэй. Такія добрыя ў яго былі настаўнікі. І ў мяне і ў яго самае добрае, сьветлае зьвязана з гэтым ліцэем. Быў выпускны вечар… Кожнаму выпускніку Васіль Быкаў падпісаў кнігу “Сьцяна”. Такое разьвітаньне было шчымлівае, зусім нярадаснае. Дзеці вырасьлі. Усе казалі, што ў ліцэі нас любяць, у ліцэі нас любілі, а цяпер у нас дарога і, што будзе – невядома. Нават паступленьне ва ўнівэрсытэт яго так не радавала, як вучоба ў ліцэі. Адчуваецца іх ліцэйскае брацтва”.

Яўгенія Астрэйка разам з бацькамі ліцэістаў адстойвала будынак.

(Астрэйка:) “Я не магу нават падумаць пра тое, што там будзе суд. Я нават не хачу думаць. Гэта жах. Але, я спадзяюся, што, калі гэта будзе так, на жаль, то сьцены дзецям дапамогуць… Стаялі там з Колем у пікетах, каб не закрывалі ліцэй. Мы хадзілі да Замяталіна. Я ж была ў бацькоўскім камітэце. Мы столькі там стаялі каля ліцэю , стаялі на Кастрычніцкай плошчы. Два гады мы адстойвалі. Два лецічка я там адстаяла з Колям, і з Сашам, і з усімі ліцэістамі… Ну, я не магу ў гэта паверыць!”

Калектыў коласаўскага ліцэю цяпер знаходзіцца ў Польшчы. Толькі напрыканцы жніўня ліцэісты і іх выкладчыкі вернуцца ў Менск. Выпускнікі ліцэю лічаць, што гэтым скарысталіся ўлады, каб хутчэй заняць будынак і пазьбегнуць магчымых пікетаў ды іншых акцыяў пратэсту.

У панядзелак, 11 ліпеня, усе матулі апазыцыянэраў пойдуць па дазвол на спатканьне. Тры дні таму Эніра, Мікола і Аляксандар паведамілі, што рыхтуюцца да суду. Яны папрасілі прынесьці ім іншую вопратку, бо неабыякава ставяцца да таго, як будуць выглядаць у судзе. Любоў Лунёва, Менск
XS
SM
MD
LG