Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі адбылося першае "эканомралі"


Юлія Шарова, Менск Агляд некаторых публікацыяў беларускай незалежнай прэсы за 7 ліпеня

“Камсамолка” сёньня апавядае пра тое, як праехаць 100 кілямэтраў на ўсяго трох літрах бэнзіну. 30 чэрвеня ў Беларусі адбылося першае эканомралі. Дзесяць аўтамабілістаў на машынах розных марак і тыпаў рухавікоў змагаліся за галоўны прыз – 500 літраў паліва. У пераможцы ралі Дзьмітрыя Баркана на “Пэжо-106” зь літровым бэнзінавым маторам тактыка была такая: ён прыладзіўся ў паветравы мех за “Хондай Цывік”. Дзякуючы меншаму супраціву паветра рухавіку патрабуецца меней сілаў. У выніку “Пэжо” й выдаў рэкорд – 2,895 літра на сто кілямэтраў.

За першае паўгодзьдзе 2006 году ў Берасьці адбылося 49 пажараў. Дзякуючы высілкам супрацоўнікаў МНС было ўратавана 8 чалавек, аднак ёсьць і ахвяры – на пажарах загінула тры чалавекі, двое зь іх у першыя дні чэрвеня. Усе загіблыя былі ў стане алькагольнага ап’яненьня. Такую статыстыку падае “Брестская газета”. Асноўнымі прычынамі пажараў па-ранейшаму зьяўляюцца неасьцярожнае абыходжаньне з агнём, у тым ліку паленьне, парушэньне правілаў пажарнай бясьпекі пры эксплюятацыі электраабсталяваньня, наўмыснае падпальваньне ды няспраўнасьць печак.

“Рэгіянальная газета” ў сёньняшнім нумары публікуе інтэрвію з жыхаром Валожыншчыны Уладзімерам Станкевічам – у 1954 годзе ён быў сьведкам першага ў Савецкім Саюзе выпрабаваньня атамнай бомбы ў Арэнбурскай вобласьці. Кажа журналіст Сяргей Зянько.

(Зянько: ) “Загадалі апрануць дадатковы камплект бялізны, каб ня так трапляў на цела радыёактыўны пыл, а гарачыня ў гэты час стаяла 30-35 градусаў, было бязьветрана. Далі ўзмоцнены сьняданак з раніцы. “Што вы адчулі?” – пытае карэспандэнт. “Гэта быў страшны выбух, нібыта са страшэннай сілай у зямлю ўбілі палю. Зямля захісталася, было адчуваньне, нібыта мы знаходзімся на вялізнай хвалі. І адразу гук, ні да чаго не падобны, страшны і незразумелы. Успышка сьвятла, на якую нам загадалі не глядзець, каб не асьлепнуць, ляжаць у сховішчы ўніз галавой з заплюшчанымі вачыма. Калі расплюшчылі вочы, то ўбачылі ў небе чорны атамны грыб, ножка якога была чорная, а шапка пералівалася ўсімі колерамі вясёлкі”.
XS
SM
MD
LG