Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ваўкавыскім раёне адкапалі парэшткі 450 жаўнераў вэрмахту


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня у Ваўкавыскім раёне працуе 52-гі пашуковы батальён міністэрства абароны, які займаецца раскопкамі пахаваньняў часоў апошняй вайны. Адметнасьць у тым, што, апроч чырвонаармейцаў, выкопваюцца з зямлі парэшткі жаўнераў вэрмахту. У немцаў на выпадак сьмерці ўсе вайскоўцы мелі мэталічныя жэтоны, гэта дапамагае цяпер высьвятляць іхнія імёны. У салдатаў Чырвонай арміі замест жэтонаў былі капсулы, у якія ўкладалі паперку з прозьвішчам. Яны кепска захоўваліся ў зямлі, таму вельмі рэдка ўдаецца даведацца — каму належалі знойдзеныя салдацкія парэшткі.

У Ваўкавыскім раённым ваенкамаце мне паведамілі, што на сёньняшні дзень знойдзены парэшткі 34 чырвонаармейцаў і 8 капсулаў, таму ёсьць шанцы даведацца імёны некаторых. Але ўскрываць капсулы будуць у Менску ва упраўленьні увекавечаньня памяці ахвяраў войнаў. Раней у Ваўкавыску паводле рашэньня выканкаму ў братняй магіле на могілках “Парахаўня” перапахавалі больш за 150 чырвонаармейцаў. Супрацоўнік ваенкамату, аднак, гаворыць, што паколькі большасьць загіблых — безназоўныя, немагчыма высьветліць, калі яны загінулі — напачатку вайны ці пры канцы.

Што датычыць парэшткаў жаўнераў вэрмахту, дык раскопкі адбываюцца паводле пагадненьня зь нямецкім бокам, які іх фінансуе. Супрацоўнік ваенкамату:

(Спадар:) “Іх плянуецца перапахаваць у Бярозаўскім раёне, там ёсьць нямецкія могілкі. Для парэшткаў кожнага чалавека яны прывезьлі адмысловыя скрынкі, яны ўжо раскладзены, так бы мовіць”.

Гэты супрацоўнік сказаў, што беларусы звычайна зьбіраюць ўсёй грамадой, таму скрынкі для перапахаваньня звычайна неаднолькавыя. А вось немцы замовілі ў адной менскай фірме, якая ўсё зрабіла акуратна і прыгожа. Далей ён патлумачыў:

(Спадар:) “Ужо парэшткі 450 чалавек адкапалі, у іх 155 жэтонаў знайшлі, гэта значыцца столькі прозьвішчаў ужо будуць вядомыя сваякам”.

Усе немцы былі пахаваныя пры канцы вайны ў адным месцы, трупы зьвезьлі з усяго раёну.

Ваўкавыскі праваслаўны сьвятар Яўген Красоўскі ўдзельнічаў у цырымоніі перапахаваньня чырвонаармейцаў у суседнім — Сьвіслацкім раёне, ён гаворыць:

(Сьвятар:) “Перапахаваньне парэшткаў чатырох салдатаў было. Знайшлі іх, хутчэй за ўсё, па ўказаньнях старажылаў таксама, напэўна, пошукавы батальён. Перапахаваньне было побач з царквою. Сабралася ўся вёска, сьвятара запрасілі”.

Цырымонія паўторнага пахаваньня парэшткаў адбываецца наступным чынам:

(Сьвятар:) “Сьвятары звычайна ажыцьцяўляюць скарочаны абрад, што ўжывальны, можна сказаць, ва ўсіх выпадках. Іхнія імёны звычайна невядомыя, рэдка калі. Гаварыцца: альбо ўсіх памянёных або воінаў, “на полі брані убіенных”—такія фармулёўкі ў малітвах”

Пахавалі іх побач братняй магілы і насыпалі капец зямлі, крыж ня ставілі.
XS
SM
MD
LG