Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Начная аБЛОГа" – 6 ліпеня


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускага сеціва

У ЖЖ-кам’юніці minsk_by адзін з наведнікаў папулярнага сайту віртуальных дзёньнікаў www.livejournal.com задае пытаньне: “Скажыце, як у Беларусі з крыміналам? Дакладней – зьбіраюся ехаць у Крым з Эстоніі, не хачу быць падрэзаным, выкінутым з аўто і паехаць дадому на аўтобусе”. Яму адказваюць: “Бандыты на беларускіх дарогах адсутнічаюць як кляса… іншая справа, што на мытні трэба быць асьцярожным – так, напрыклад, за спробу кантрабанды маюць права канфіскаваць “сродак злачынства”, то бок, аўтамабіль. Былі выпадкі, калі фура з грузам канфіскоўвалася за два лішнія блёкі цыгарэтаў у кіроўцы… Іншая небясьпека на той самай мытні пільнуе ўладальнікаў новых машын коштам тысячаў ад пяцідзесяці даляраў – у іх усе дакумэнты павінны быць у ідэальным парадку: у такіх таксама любяць за любую лухту, кшталту аднаго дня пратэрміноўкі ў страхоўцы, арыштаваць машыну, – а потым паспрабуй яе адсудзіць назад. Нездарма мытня – важны прыбытковы радок беларускага бюджэту”.

Карыстальнік M_panin у сваім інтэрнэт-дзёньніку сёньня піша пра тое, што звольніўся з Тэатру беларускай драматургіі. Са словаў m_panin’а, працаваць у тэатры было цікава, але гэта перашкаджае навучаньню ў асьпірантуры. Таксама аўтар блогу дзеліцца наступнымі ўражаньнямі ад працы ў тэатры: “ТБД вылучаецца сымпатычнай збалянсаванай трупай, рознабаковай рэжысурай. Усё гэта добра, але гэта ня мае нічога агульнага з тым, што цяпер патрабуецца беларускай драматургіі. Па сутнасьці, Валер Анісенка пабудаваў добры, моцны драматычны тэатар. Але мэты ў гэтага тэатру няма. Таму асабліва няма і ўласнага аблічча, таму й Шэксьпір у гэтым тэатры суседзіць зь п’есай Дыяны Балыкі”.

На форумах партала tut.by нехта Kremlev цікавіцца: “Тут усе пішуць пра нейкія вершы Васіля Быкава. Колькі ні шукаў, ня мог знайсьці. Ён здаецца празаік быў? Ці ў Беларусі два Васіля Быкава?” Вось якія адказы і парады Kremlev атрымлівае: “Зьвярніся ў адмінітсрацыю прэзыдэнта. Там падкажуць. Магчыма нават падораць рарытэтнае выданьне зь піцерскай друкарні Скарыны”. “Славуты дахрысьціянскі піцерскі трубадур Шнураў на тыя вершы сваю музыку сачыняў”.

Сайт Менгарвыканкаму (http://www.minsk.gov.by/news_rb/2006/7/2849/ru) паведамляе: Першамайскі раён сталіцы пачаў ладзіць свой уласны конкурс прыгажосьці. “У першым турніры ўзялі ўдзел восем самых абаяльных дзяўчат найбуйнейшых прадпрыемстваў раёну. Пераможцай стала майстар купажнага ўчастка Менскага заводу безалькагольных напояў Ганна Шыпко… Нягледзячы на посьпех, мяняць прафэсію дзяўчына пакуль не зьбіраецца, хоць, зь ейных словаў, з задавальненьнем паспрабавала б сябе ў ролі мадэлі альбо тэлевядоўцы”. Пераможцу раённага конкурсу прыгажосьці ўзнагародзілі вандроўкай у Чэхію.

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24.
XS
SM
MD
LG