Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Летні альбом: Цаліна


Вінцэсь Мудроў, Полацак Апагей цаліннай ліхаманкі прыпаў на сярэдзіну 50-х. Тады дзясяткі тысячаў беларусаў выправіліся, на покліч партыі ды камсамолу, разворваць казахстанскі ды алтайскі стэп. Выпраўляліся па аргнабору, цэлымі радзінамі. Яшчэ й на мае малечыя вочы патрапілі маладыя энтузіясткі ў шырокіх шараварах і з фанэрнымі валізамі ў руках. “На цаліну!” – гукалі дзяўчыны, і вецер далёкіх вандраваньняў матляў кудзеркі моднага тады пэрманэнту.

Пра цалінных энтузіястаў не стамляліся пісаць газэты, пра іх дзень да ночы бубнелі талеркі радыёкропак. Тое, што выдавала ідэалягічна рэглямэнтаваная журналістыка, вельмі розьнілася ад таго, што было наяве. Людзей прывозілі ў непадрыхтаваныя для жытла мясьціны. А таму, ўжо праз год, а то і раней, многія энтузіясткі вярталіся да дому – хворыя, вашывыя, а некаторыя і цяжарныя. Многіх цаліньнікаў на адваротнай дарозе рабавалі. Аднаго майго крэўнага, калі ён вяртаўся з цаліны, абрабавалі ўжо ў родным мястэчку. Ён паўстаў на парозе хаты ў адных кальсонах, і быў празваны з тае нагоды Джавахарлалам Нэру: гэты індыйскі кіраўнік прыяжджаў у Маскву ў белых сподніках.

Цікава было слухаць аповеды тых, хто пабываў на цаліне. Самае страшнае, як вынікала з аповедаў, былі не маразы ды бураны і не адсутнасьць дарог, а тамтэйшая вада. “Цёплая, саланаватая, -- апавядаў адзін знаёмы журналіст, -- вып’еш і, як сьпяваў Антонаў: “Несёт меня… течение”.

Лекавацца таксама не было магчымасьці. Нават асьпірын быў у дэфіцыце. І нездарма папулярную песьню: “Вьётся дорога длинная, здравствуй, земля целинная”, -- цаліньнікі сьпявалі на новы лад: “Здравствуй, жена тифозная, тёща туберкулёзная”.

Распавядалі таксама вусьцішныя гісторыі пра тое, як падчас бурану гінулі цэлыя партыі перасяленцаў, як правальваліся пад лёд трактары, як людзі, зьбіўшыся з дарогі, блукалі безь пітва і ежы па бяскрайнім стэпе. Савецкія мастакі і літаратары шмат папрацавалі, услаўляючы чарговае “гераічнае зьдзяйсьненьне камуністычнай партыі і савецкага народу”. Рэалістычных рэчаў кшталту “Сьмерці перасяленца” перасоўніка Сяргея Іванова ніхто зь іх тады не пісаў.

Агулам на асваеньне цаліннай і абложнай зямлі выехала больш як 200 тысячаў беларусаў. Многія вярнуліся, але шмат хто абжыўся на новым месцы. Аргнаборы на цаліну працягваліся да пачатку шасьцідзясятых. Казахстанскі стэп урэшце разаралі, а вось родныя палеткі, скажам, на Гарадоччыне ды Расоншчыне скрозь парасьлі хмызьнякамі. І сёньня ўжо няма каму разворваць беларускую цаліну.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG