Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Малая зямля”


Вінцэсь Мудроў, Полацак У 1978 годзе шматнацыянальная савецкая літаратура папоўнілася творам, які нёс у сабе велізарны зарад ідэйнай моцы. Гэта была славутая “Малая зямля” – дакумэнтальны аповед Леаніда Ільліча Брэжнева. Яна стала першай часткай брэжнеўскай трылёгіі: неўзабаве выйшлі “Адраджэньне” і “Цаліна”.

Па чутках, непасрэдна “Малую зямлю” ад імя дарагога Леаніда Ільліча пісаў прыдворны пісьменьнік Аляксандар Чакоўскі. Напачатку “дакумэнтальныя” зацемкі надрукаваў часопіс “Новый мир”, а неўзабаве іх перадрукавалі цэнтральныя беларускія газэты.

Што тут пачалося! Не чакаючы адпаведнай дырэктывы, пісьменьнікі кінуліся пісаць жарсьцьлівыя водгукі.

“Інтанацыя аповеду Леаніда Ільліча… дапамагае ўбачыць мужнага героя вайны, чалавека надзвычайнай душэўнай дабрыні, камуніста ленінскага гарту, выдатнага арганізатара мас”, – пісаў тымі днямі народны пісьменьнік Беларусі Іван Шамякін. “Малую зямлю” хочацца цытаваць і цытаваць, сваімі словамі цяжка перадаць яе дух, яе незвычайны, я б сказаў, нутраны патас”.

І, не марнуючы часу на парафразы, Іван Пятровіч разам зь іншымі пісьменьнікамі цытаваў і цытаваў чалавека, зь якога ужо даўно сьмяяўся ня толькі савецкі народ, але і ўвесь навакольны сьвет; які любіў лісьліўцаў і ўзнагародную біжутэрыю; які прыгрэў вакол сябе цэлую армію злодзеяў ды хабарнікаў, якія ўрэшце дабілі краіну да абуха. І парадокс быў у тым, што пісьменьнікі ведалі пра гэта, але ўсё адно: цытавалі, цытавалі, цытавалі...

Не адставалі ад літаратараў і творцы іншых мастацкіх сфэраў. У маскоўскіх тэатрах, з аншлягам, вядома, пайшлі п’есы па матывах трылёгіі, мастак Дзьмітры Налбандзян напісаў вялізнае палатно “Л.І. Брэжнеў на “Малой зямлі”, а кампазытар Аляксандра Пахмутава, апярэдзіўшы іншых творцаў, перадала Чырвонасьцяжнаму ансамблю імя Аляксандрава песьню “Малая земля, товарищи-друзья”.

Наступнага году Леанід Ільліч Брэжнеў быў ганараваны Ленінскай прэміяй у галіне літаратуры. На парадным, скрозь завешаным ордэнамі ды мэдалямі брэжнеўскім мундуры з цяжкасьцю знайшлося месца для мэдалькі з профілем ленінскай галавы.

Ад той пары друкаваная непатрэбшчына, якой былі завалены кнігарні, атрымала зьбіральную назву. І калі які наведнік, перабраўшы тузін кніжак, ставіў апошнюю зь іх назад на крамную паліцу, з грудзіны часьцяком вырываўся ўздых і словы: “Малая зямля”.
XS
SM
MD
LG