Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прысуд Аўтуховічу і Лявонаву: зьняволіць у калёніі ўзмоцненага рэжыму (фота)


Радыё Свабода Судзьдзя Мікалай Рачынскі цалкам задаволіў патрабаваньні дзяржаўнага абвінаваўцы. Паводле прысуду, Мікалай Аўтуховіч зьняволены на 3 гады і 6 месяцаў з канфіскацыяй маёмасьці, а Юры Лявонаў атрымаў турэмны тэрмін на адзін месяц меншы (3 гады і 5 месяцаў), у судовай залі яго ўзялі пад варту. Наш карэспандэнт быў у Кастрычніцкім райсудзе Горадні, дзе праходзіў працэс.

Клетку зь Мікалаем Аўтуховічам ахоўвалі пяцёра міліцыянтаў. І ён пацікавіўся: навошта гэтак узмацнілі ахову, няўжо думаюць, што ён уцячэ? Міліцыянт папярэдзіў прысутных у залі, каб выключылі мабільныя тэлефоны. Але як толькі судзьдзя распачаў чытаньне прысуду, гучна зазваніў тэлефон у міліцэйскага старшыны.

Судзьдзя Мікалай Рачынскі вёў працэс звычайным голасам, але зазначыўшы, што прысуд абвяшчаецца “імем Рэспублікі Беларусь”, ён стаў вельмі хутка і ціха чытаць тэкст. І гэта працягвалася адну гадзіну і дзесяць хвілінаў. Мікалай Аўтуховіч сядзеў у клетцы амаль за дзесяць мэтраў ад судзьдзі, ён мусіў сказаць: “Ваша чэсьць, нічога не чуваць”. Але нічога не зьмянілася, тады Мікалай Аўтуховіч сеў і паклаў галаву на рукі. Потым стаміліся міліцыянты й абаперліся на клетку. Адзін зь іх абмахваўся фуражкай, нібы веерам, — у залі было задушна.

Мікалай Аўтуховіч, бацька прадпрымальніка, нічога толкам не зразумеў з прачытанага Мікалаем Рачынскім прысуду.

(Бацька Аўтуховіча: ) “Не, я нават ня чуў, колькі далі Мікалаю. Ён што — толькі для сябе чытаў прысуд, ці што? Большасьць нічога не зразумела й ня чула. Мікалай сказаў пра гэта, потым Лявонаў. Усё роўна крыху павысіў голас: ты-ры-ры, ты-ры-ры. Ня ведаю: што далей?”

На судзе быў сьвятар Яўген Красоўскі, ён вылучаўся ў залі сваім аблачэньнем.

(Сьвятар: ) “Я прыехаў на суд, таму што асабіста яго ведаў, хаця няшмат. Ведаў яго, канечне, зь лепшага боку. Мы зь ім сябрамі былі, але паколькі я служыў нават у іншым раёне, то я для свайго храму нават у яго нічога не прасіў, але ведаю, што іншым храмам ён заўжды дапамагаў”.

Цяпер Яўген Красоўскі служыць у царкве у Ваўкавыску, дзе Мікалай Аўтуховіч займаўся бізнэсам.

Адвакат Юр’я Лявонава Дзьмітры Барташ лічыць, што прысуд абодвум быў неабгрунтаваны. Ён зазначае, што пазыцыя абароны не была ў поўным аб’ёме ўлічаная судом і не былі абвергнутыя асноўныя пастуляты абароны:

(Адвакат: ) “Што асноўнае? Што, уласна кажучы, дамова аб аказаньні платным паслугаў паміж Лявонавым і Аўтуховічам была законная, адпавядала патрабаваньням заканадаўства, і ня ставіла на мэце пазьбяганьне выплаты падаткаў, а цалкам адпавядала сыстэме дзейнага падаткаабкладаньня”.

Дзьмітры Барташ гаворыць, што прысуд будзе абскарджаны і, на ягоную думку, ёсьць шанцы дамагчыся яго адмены.

На здымках: перад пачаткам працэсу; Юры Лявонаў — апошні здымак на свабодзе.









Мікалаю Аўтуховічу 43 гады, ён зьяўляецца ўдзельнікам савецка-аўганскай вайны, ваяваў у званьні прапаршчыка. Паводле прысуду, яму забаронена 5 гадоў займацца прадпрымальніцкай дзейнасьцю.

Юры Лявонаў 1961 году нараджэньня, капітан запасу. Паводле прысуду, яму забаронена 5 гадоў займаць адміністрацыйна-гаспадарчыя пасады.

Суд таксама пастанавіў, што абодва яны павінны “у салідарным парадку” сплаціць страты, нанесеныя мясцоваму бюджэту, – 1 мільярд і 32 мільёны рублёў. У гэтую суму ўключана ўся выручка, атрыманая М. Аўтуховічам ад працы ягоных таксовак, а таксама падатак, які, паводле суду, ён не заплаціў за кіроўцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG