Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кінабудка


Вінцэсь Мудроў, Полацак Да тарцу любога вясковага клюбу ластаўчыным гняздом ляпілася кінабудка. У супрацьпажарных мэтах іх рабілі з цэглы і выглядалі яны пры драўляных будынінах чымсьці чужародным.

Нутро кінабудкі глядзелася аскетычна: два кінапраектары на масіўным цэмэнтным падмурку, вогнетушыльнік, скрыня зь пяском – на выпадак пажару, перамотны, абабіты бляхаю, стол. Адзінаю аздобаю былі афішы з выявамі кінагерояў, якія віселі на сьценах.

І хаця на дзьвярох меўся пагрозьлівы надпіс: “Пабочным асобам уваход забаронены!” – там ад ранку да ночы віравала жыцьцё. І наагул, у каго была пляшка “чарніла”, той ішоў у кінабудку. Такім чынам, на вёсцы гэта быў своеасаблівы ангельскі клюб. Жанчыны туды, як правіла не заходзілі. І нават загадчыца клюбу, калі кінамэханік чарговым разам напіваўся, лаялася ад парога.

Адна заўвага. Жанкі, калі-нікалі там усё ж такі зьяўляліся. Пра гэта сьведчыў скручаны ў трубку сяньняк, які я бачыў у адной з кінабудак.

Вядома, у кінабудцы ня толькі пілі, але гаманілі за жыцьцё, слухалі музыку. Нарэшце, глядзелі праз праектарныя адтуліны “Фантамаса”.

Вясковыя жанчыны кінамэханіка не любілі і ўважалі за гультая. А вось фотакарэспандэнты раённых газэт гэтую прафэсію паважалі. Завітаўшы ў вёску, адразу ж ішлі не ў праўленьне, не на фэрму, а ў кінабудку. “Кінамэханік Бычкоўскага кінастацыянару Іван Лябёдка рыхтуецца да чарговага сэансу”. Здымкамі такімі стракацелі раённыя газэты.

Пасьля візыту газэтчыка кінамэханік, вядома ж, спаў на перамотным стале. Прадчуваю наіўнае пытаньне: “Хто ж тады круціў фільм?” Адказваю: фільм круцілі 13-14-гадовыя падлеткі. Ці то малодшыя браты кінамэханіка, ці то проста суседзкія мальцы. Яны з прафэсійным спрытам устаўлялі плёнку ў кінапраектар, патрэбным часам запускалі кожную частку, а пасьля сэансу з рэактыўным гудам перамотвалі стужку ды клалі ў бляшаныя скрыні. Адзінае, што заставалася кінамэханіку, гэта вынесьці раніцою скрыні да бальшака. Іх забірала малакавозка, якая ехала ў райцэнтар.

Спэцыфічныя ўмовы працы спрыялі таму, што кінамэханікі масава сьпіваліся. У такой сытуацыі раённыя канторы кінапракату вымушаныя былі браць на працу жанчын. Жанчына ў кінабудцы – гэта было прадвесьце бяды. І яна надарылася. Пасьля славутай перабудовы кінастацыянары сталі зачыняць. Адпаведна, загавелі душой і цэнтры грамадзкага жыцьця: кінабудкі.
XS
SM
MD
LG