Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Што кажуць пра пачатак суду над Казуліным ягоныя прыхільнікі?


Радыё Свабода Да будынку Маскоўскага суду Менску падтрымаць Аляксандра Казуліна сёньня прыйшлі каля паўсотні прыхільнікаў Аляксандра Казуліна.

Пачатак судовага працэсу над нядаўнім кандыдатам на прэзыдэнта ў інтэрвію Радыё Свабода яны камэнтавалі гэтак:

(Спадар: ) “Гэта будзе судзілішча, а ня суд. Я быў разам зь ім, мы ішлі па праспэкце — і ніякага парушэньня закону не было. Не Казулін парушаў закон, а парушалі закон тыя людзі, якія ў чорнай вопратцы, у чорных масках і чорных акулярах затрымлівалі яго, некуды вазілі й нешта рабілі”.

(Спадарыня: ) “Яны хочуць запалохаць людзей, бо сьмелых людзей і так мала. Але на плошчы мы паказалі, што нас шмат, што мы іх не баімся. І таму мы прыйшлі падтрымаць Казуліна, мы за яго”.

(Юнак: ) “Гэта, хутчэй за ўсё, будзе звычайнае судзілішча, каб абылгаць добрага чалавека, які нічога дрэннага не рабіў, а рабіў толькі тое, што можна. Людзі ішлі й нікому не заміналі, нават ходнікі пераходзілі паводле правілаў, а яго за гэта судзяць”.

(Спадарыня: ) “Я ведаю Казуліна студэнтам, камсамольскім актывістам, будатрадаўцам, знаю па ўнівэрсытэце. І ведаю, што гэты чалавек, як ніхто іншы, любіць радзіму. І сёньня я хачу тут пераканацца, што людзі, якія любяць радзіму й хацелі б для Беларусі штосьці зрабіць, ня могуць быць пакараныя”.

(Карэспандэнтка: ) “Што вы думаеце пра гэты суд, пра суд над Казуліным?”

(Спадар: ) “У нас жа правапакаральная сыстэма! Таму я нічога добрага ад гэтага мерапрыемства, інакш сказаць не магу, не чакаю”.

(Юнак: ) “Гэта звычайны цырк, можна так сказаць. Казуліна ні за што судзяць, нібыта ён хуліган. А ёсьць жа фота- і відэаздымкі, дзе добра відаць, што бойку распачаў АМАП”.

(Спадарыня: ) “Мы прыйшлі сюды, бо занепакоеныя лёсам патрыётаў, якія жадалі б пераменаў на нашай зямлі беларускай шматпакутнай. Гэта й Казулін, і астатнія палітычныя вязьні. І мы бачым, што тут робіцца каля будынку суду. Калі нават карэспандэнтаў не пускаюць, то зразумела, які там будзе суд”.

(Спадарыня: ) “Гэта найганебнейшая старонка ў гісторыі правасудзьдзя Рэспублікі Беларусь. Разьбіць рамку на партрэце прэзыдэнта — і за гэта пагражаць чалавеку турмою на шэсьць гадоў! Гэта скажэньне самой сутнасьці правасудзьдзя”.

(Юнак: ) “Тое, што сёньня тут адбываецца, гэта, па-першае, зьдзек з кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна, па-другое, гэта зьдзек зь людзей, якія прыйшлі яго падтрымаць, і гэта зьдзек з самой беларускай дзяржавы. Калі амбасадарам даводзіцца прарывацца праз кардоны спэцназу й міліцыі, гэта, я лічу, сорамна”.
XS
SM
MD
LG