Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктар гімназіі, дзе вучыцца ўнучка Лукашэнкі, знаходзіцца ў СІЗА


Радыё Свабода З-за падазрэньня ў атрыманьні хабару затрыманы Алег Бадалаў — дырэктар прэстыжнай менскай гімназіі №16, дзе вучыцца ўнучка Аляксандра Лукашэнкі. Як паведамілі Радыё Свабода ў пракуратуры Маскоўскага раёну Менску, ужо заведзеная крымінальная справа. Наш карэспандэнт наведаў гімназію №16 у менскім мікрараёне “Вясьнянка”.

Дзьверы кабінэту Алега Бадалава апячатаныя. Гэта зрабілі супрацоўнікі аддзелу барацьбы з эканамічнымі злачынствамі Маскоўскага райаддзелу міліцыі. Элітная гімназія з эстэтычным ухілам і паглыбленым вывучэньнем ангельскай мовы сярод іншага вядомая і тым, што сюды летась прыйшла вучыцца Віка Лукашэнка, унучка кіраўніка Беларусі. Тут жа вучыцца сын віцэ-прэм’ера Андрэя Кабякова ды іншых высокапастаўленых асобаў, але ў гімназію адкрыты доступ і для дзяцей мікрараёну. Першы званок Віка Лукашэнка дала, седзячы на плячы ў дырэктара Алега Бадалава. Пра яе дзеда нагадваюць партрэты прэзыдэнта ў гімназіі. Валянціна Банадарэнка, якая цяпер выконвае абавязкі дырэктара навучальнай установы, кажа:

(Бандарэнка: ) “Унучка прэзыдэнта — гэта звычайнае, добрае дзіця, якое вельмі інтэлектуальна разьвітае, вельмі камунікабэльнае, вясёлае. І гэткія дзеці астатнія, я думаю”.

Спадарыню Бандарэнку выклікалі ў пракуратуру, але падрабязнасьці затрыманьня дырэктара ёй не вядомыя.

(Бандарэнка: ) “Што я ведаю — што чалавек паехаў на абед і не вярнуўся з абеду. Вось усё, што я ведаю. Ён хацеў, каб гэта была самая лепшая школа ў рэспубліцы. Наша дзяржава імкнецца быць на ўсясьветным узроўні. Гэтак жа й мы ня хочам адставаць ад нашай дзяржавы. Быць на ўзроўні добрай школы, каб да нас проста імкнуліся дзеці з усёй рэспублікі”.

А як успрынялі ў калектыве навіну пра затрыманьне дырэктара?

(Бандарэнка: ) “Мы ня верым гэтаму. Гэта ня той чалавек. Наколькі мы яго ведаем, гэта ня той чалавек, які…”

Дырэктарава жонка спадарыня Інэса кажа, што спадар Бадалаў цяпер знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага. Сустрэчы зь ім яна яшчэ ня мела і цяпер вельмі хвалюецца за здароўе мужа. Гімназію яна называе ўзорам у адукацыі й вельмі абураная тэлерэпартажамі на ОНТ.

(Бадалава: ) “Ува ўсіх шок, у бацькоў шок. Ніхто ня ведае, што рабіць далей, і баяцца дзецям паведаміць. Маленькія дзеці яго проста абажаюць. Ніхто ня ўлічвае, што чалавека яшчэ не асудзілі, але ўжо паведамілі. Як цяпер дзеці зрэагуюць на гэта? Прыраўноўваць дырэктара гімназіі да бандыта нельга. Да суду яшчэ справа не дайшла, а ўжо ўсе раструбілі пра гэта”.

У пракуратуры Маскоўскага раёну адмаўляюцца падаваць падрабязнасьці гэтай справы. Не камэнтуюць затрыманьня Алега Бадалава і прэсавыя службы Міністэрства ўнутраных справаў і генпракуратуры.

У элітнай гімназіі працягваецца распачаты раней рамонт. У фае паставілі шклопакеты,на лесьвіцах — мэталічныя каваныя парэнчы. На прыступкі будуць класьці адмысловую някоўзкую плітку. Ужо адрамантаваныя прыбіральні, гардэроб, кампутарныя клясы, актавая заля. У двары гімназіі будуць новыя кветнікі й зона для адпачынку.
XS
SM
MD
LG