Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску пачаліся XVI Міжнародныя Шагалаўскія чытаньні


Радыё Свабода Такія навуковыя імпрэзы праводзяцца штогоду, і прымеркаваныя яны, як і зазвычай, да ўгодкаў вялікага мастака, які нарадзіўся 7 ліпеня 119 гадоў таму.

Сёлета ў Шагалаўскіх чытаньнях бяруць удзел дасьледчыкі ягонай творчасьці зь Беларусі, Расеі й Францыі. Гаворыць удзельніца імпрэзы, доктар гістарычных навук Клэр ле Фоль, якая прыехала на Шагалаўскія дні ў Віцебск ужо другі раз.

(Клэр ле Фоль: ) “Я вельмі люблю Віцебск, у мяне тут ёсьць шмат сяброў. Марк Шагал быў самы даступны для досьледаў францужанкі — і, напэўна, самы цікавы, бо ў ягонай творчасьці можна знайсьці і габрэйскую культуру, і славянскую, і эўрапейскую, і беларускія матывы. І гэта вельмі цікава”.

У межах сьвяткаваньня гадавіны нараджэньня Марка Шагала ў Віцебску прайшоў і вечар сучаснай харэаграфіі. У выкананьні гомельскага калектыву “Квадра” гледачы ўбачылі пастаноўкі “Зіма прапала” й “Ружы і мімозы”, прысьвечаныя творчасьці знакамітага мастака.

Завершацца Шагалаўскія дні 9 ліпеня традыцыйным гарадзкім сьвятам на Пакроўскай вуліцы — “У гасьцях у Марка і Бэлы”. Імпрэза пачнецца каля помніка майстру на вуліцы, дзе прайшло ягонае дзяцінства, а працягнецца ў двары дому сям’і Шагалаў, дзе цяпер месьціцца мэмарыяльны музэй.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG