Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэцназ будзе дзяжурыць у судзе да канца працэсу над Казуліным (фота)


Радыё Свабода Некалькі дзясяткаў байцоў спэцназу кантралююць уваход у будынак суду Маскоўскага раёну Менску. Наведнікі суду мусяць паказваць міліцыянтам позвы. Тых, хто просіцца прайсьці ў канцылярыю альбо да судзьдзяў, не пускаюць. Але забарона не распаўсюджваецца на людзей, якія ідуць да судовых выканаўцаў, каб заплаціць штраф.

Аўтазак і некалькі міліцэйскіх “варанкоў” знаходзяцца ў двары суду Маскоўскага раёну. У будынку й на ганку больш за дзясятак спэцназаўцаў. Яшчэ каля двух дзясяткаў — на тэрыторыі, прылеглай да будынку суду. Усе ахвочыя прысутнічаць на судзе над Аляксандрам Казуліным не змаглі зьмясьціцца ў судовай залі. Спачатку прапусьцілі каля трыццаці чалавек, у тым ліку амбасадараў краінаў Эўразьвязу. Празь некалькі хвілінаў абвясьцілі перапынак, і амбасадары сышлі. Вызваленыя месцы занялі журналісты без камэраў.

Нягледзячы на тое, што ў Менску ўсталявалася гарачае надвор’е (на тэрмомэтры 32 градусы), байцы спэцназу не дазвалялі людзям знаходзіцца на ганку суду — адзіным месцы, дзе быў цень. Але людзі не разыходзіліся. Зрабілі з газэтаў капелюшы й чакалі навінаў ад адваката Ігара Рынкевіча. Паколькі час ад часу абвяшчалі перапынак, ён выходзіў да людзей і апавядаў, што адбываецца ў судзе. Выказаць падтрымку Аляксандру Казуліну прыйшлі Аляксандар Мілінкевіч ды іншыя вядомыя грамадзкія дзеячы.

Гаворыць намесьнік Аляксандра Казуліна Аляксей Кароль:

(Кароль: ) “Задума ясная — не пусьціць тых, хто спачувае, не пусьціць паплечнікаў ды імітаваць адкрыты працэс. Гэта беспрэцэдэнтны выпадак у гісторыі Беларусі, калі пасьля выбараў распраўляюцца з адным з кандыдатаў на прэзыдэнта”.

Мікола Статкевіч лічыць суд над Казуліным праявай перасьледу апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі. Палітык сам быў пакараны абмежаваньнем волі за арганізацыю вулічных дэманстрацыяў пратэсту й цяпер знаходзіцца ў адпачынку ў Менску.

(Статкевіч: ) “Мы можам не пагаджацца з палітычнай пазыцыяй спадара Казуліна, можам нэгатыўна ацэньваць ягоныя палітычныя дзеяньні, але мы папросту мусім разумець, што чалавек, які несправядліва апынуўся ў турме, якога судзяць несправядлівым судом, ён заслугоўвае падтрымкі незалежна ад ягонай пазыцыі. І, калі мы лічым сябе дэмакратамі, мы мусім падтрымліваць такіх людзей”.

Старшыня Таварыства беларускай мовы сацыял-дэмакрат Алег Трусаў таксама прыйшоў падтрымаць Аляксандра Казуліна:

(Трусаў: ) “Бачу салідарнасьць. Тут былі і Мілінкевіч з жонкай, і Мікола Статкевіч з жонкай… Гэта вельмі важна, што людзі зразумелі, што ў складаных для нацыі момантах трэба быць разам”.

Каля дзясятка юнакоў і дзяўчат апранулі майкі з партрэтам Аляксандра Казуліна й сталі ланцугом насупраць будынку суду. Кіраўнік міліцыі Маскоўскага раёну іх папярэдзіў, што калі яны ня здымуць маек, іх затрымаюць. Ён патлумачыў, што судзьдзя іхную акцыю кваліфікуе як ціск на суд, — і тыя пагадзіліся.

Любоў Лунёва, Менск





Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG