Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Салігорску працягваюць судзіць моладзевых актывістаў


Севярын Квяткоўскі, Менск 6 ліпеня салігорскі суд вынес папярэджаньне бацькам 16-гадовага Яўгена Мядзьведзева. Хлопца затрымалі ў сярэдзіне чэрвеня, калі Яўген Мядзьведзеў пікетаваў салігорскі суд, дзе разглядалася справа іншага моладзевага актывіста — Аляксея Валабуева.

Аляксей Валабуеў разам з Іванам Шылам ладзіў пікет-пэрформанс перад адміністрацыйным будынкам прадпрыемства “Белкалій”. У гарнякоў пачаліся эканамічныя праблемы, і хлопцы прапаноўвалі мінакам набыць соль, каб дапамагчы галоўнаму прадпрыемству гораду. Справа трэцяга ўдзельніка справы, Івана Шылы, чакае разгляду.

Для Яўгена Мядзьведзева сёньняшні суд — ужо ня першае наступства ягонай грамадзка-палітычнай дзейнасьці:

(Мядзьведзеў: ) “Мяне выклікалі ў КДБ і пракуратуру ў справе “Маладога фронту”. Бралі тлумачальныя, адказваў на пытаньні — як я зьвязаны з “Маладым фронтам”, што я ведаю пра яго? Я казаў, што нічога ня ведаю”.

Іван Шыла чакае разгляду сваёй справы цягам ліпеня. 15-гадовага хлопца чакае сустрэча з адміністрацыйнай камісіяй, якую ўзначальвае намесьніца старшыні выканкаму па ідэалёгіі Галіна Пятрашка.

Іван Шыла з паплечнікамі першым пачаў акцыю-галадоўку маладафронтаўцаў, якая працягвалася ад 29 траўня да 17 чэрвеня. У часе галадоўкі Іван Шыла меў сустрэчу са старшынём Салігорскага выканкаму Міхаілам Амельянчуком, які гэтак выказаўся пра грамадзка-палітычную дзейнасьць маладых актывістаў, і пэрсанальна Івана:

(Амельянчук: ) “За пятнаццаць дзён зрабі заяўку. Ня зробіш — будзеш сядзець у клетцы, зразумеў?”

(Шыла: ) “Галадоўка — гэта толькі пачатак. Бо цяпер мы часьцей зьбіраемся. Ладзім сумесныя акцыі ў Салігорску”.

(Карэспандэнт: ) “Але ёсьць праблема, што адміністрацыйныя камісіі будуць адна за адной, і ў бацькоў будуць праблемы”.

(Шыла: ) “Ня так страшныя гэтыя камісіі. Можна ладзіць акцыю й ня быць затрыманым. Апошнюю 3 ліпеня рабілі. Нас зноў хацелі затрымаць. Але добрае веданьне заканадаўства, пытаньні міліцыянтам, і тое, што разам з табою твае паплечнікі — яны прыцягваюць увагу мінакоў, маўляў, паглядзіце, што робіцца — ні за што хлопцаў затрымліваюць”.

У ліпені ў Салігорску плянуецца шэраг грамадзка-палітычных акцыяў.

Фатаздымкі з архіву “Свабоды”:



1. Крайні справа Яўген Мядзьведзеў.



2. Крайні справа Іван Шыла.



3. Галадоўнік Іван Шыла з паплечнікамі падчас прыезду Аляксандра Мілінкевіча.
XS
SM
MD
LG