Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні зачытаюць прысуд Мікалаю Аўтуховічу і Юрыю Лявонаву


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня мае быць абвешчаны прысуд ваўкавыскаму прадпрымальніку Мікалая Аўтуховічу і ягонаму супольніку дырэктару фірмы “Ніка-транс” Юрыю Лявонаву. Паводле абвінавачаньня, Аўтуховіч з дапамогай Лявонава ўхіляўся ад выплаты падаткаў, ажыцьцяўляў перавозку пасажыраў і багажу, не рэгіструючы камэрцыйную фірму, не атрымліваючы адпаведнай ліцэнзіі. У выніку мясцовы бюджэт панёс страты ў асабліва буйным памеры. Пракурор Яўген Шчарбак прапанаваў зьняволіць Мікалая Аўтуховіча на 3 гады і 6 месяцаў, а Юрыя Лявонава — на 3 гады і 5 месяцаў.

Абгрунтоўваючы памеры пакараньня, пракурор Шчарбак падкрэсьліў, што падсудныя сваёй віны не прызналі, не раскаяліся і не аплацілі страты для бюджэту. Праўда, ён зазначыў, што абодва маюць станоўчыя характарыстыкі. Абвінавачаньне лічыць, што яны павінны сплаціць 40 мільёнаў 623 тысячы рублёў падатку, які Аўтуховіч не заплаціў за кіроўцаў, якіх наймаў для працы на сваіх таксоўках у фірме “Ніка-транс”, а таксама 1 мільярд 92 мільёны 84 тысячы рублёў — суму выручкі, якую ён атрымаў ад работы сваіх таксовак.

Сутнасьць крымінальнай справы наступная: тры гады таму прэзыдэнцкім дэкрэтам прадпрымальнікам забаранілі мець больш за тры найманыя працаўнікі. Тады Мікалай Аўтуховіч падпісаў дамову з Юрыем Лявонавым, і кіроўцы аўтуховічавых таксовак перайшлі на ўлік у “Ніка-транс”. Пракурор Шчарбак лічыць, што гэта было зроблена выключна ў інтарэсах Аўтуховіча, і лішнія людзі не былі патрэбныя фірме. А значыцца ў гэтым ёсьць злачынны намер. Сам Юры Лявонаў мяркуе інакш.

(Лявонаў:) “Тут пракурор няправільна падыходзіць. Калі прадпрыемства плянуе новы від дзейнасьці, то яно пад гэты від дзейнасьці зацьвярджае штатны расклад і ажыцьцяўляе набор працоўнай сілы. У гэтым нічога крымінальнага ніколі не было”.

Абвінавачаньне супраць Юрыя Лявонава гучыць так: ён выкарыстаў свае службовыя паўнамоцтвы — заключыў дамову з прадпрымальнікам, аформіў і трымаў у штаце кіроўцаў, якія насамрэч працавалі на Аўтуховіча.

Адзін гарадзенскі юрыст зазначае, што яшчэ месяц таму Мікалай Аўтуховіч мог трапіць на “хімію”, а не ў турму. Пры канцы траўня судовае сьледзтва па гэтай справе амаль скончылася, але прадпрымальнік абвесьціў сухую галадоўку, ён ня мог надалей удзельнічаць у судзе з увагі на стан здароўя. Працэс прыпынілі, а пазьней было абвешчана новае, больш жорсткае абвінавачаньне.

Паводле гэтага юрыста, Мікалай Аўтуховіч сваім зацятым змаганьнем па сутнасьці пагоршыў сваё становішча. Нагадаю, што ў час сьледзтва ён правёў працяглую галадоўку, пасьля чаго яго перавялі ў турэмны шпіталь, а затым зьмясьцілі пад хатні арышт. З-пад хатняга арышту ён уцёк, яго затрымалі толькі праз два месяцы і ўзялі пад варту, але ён зноўку адмовіўся за кратамі прымаць ежу.

Паводле ранейшага абвінавачаньня з Мікалая Аўтуховіча хацелі спагнаць незаплачаныя падаткі за работу таксовак. Суму налічылі, зыходзячы з таго, колькі яму неабходна было плаціць у выпадку, калі б ён стварыў фірму таксі. У новым абвінавачаньні сума для спагнаньня павялічана ўтрая, у яе ўключана ўся атрыманая ім выручка. Спачатку прадпрымальніку пагражала абмежаваньне свабоды (“хімія”) альбо зьняволеньня і канфіскацыя маёмасьці. Сёньня мова ідзе толькі пра зьняволеньне, прычым у калёніі строгага рэжыму.







На здымках: Юры Лявонаў; Мікалай Аўтуховіч у клетцы ў Кастрычніцкім раённым судзе Горадні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG