Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Кіруючыся вашай лёгікай, Аляксандар Рыгоравіч, хачу ўнесьці прапанову. Давайце ўсе сьвяты перанясём на 3-га ліпеня: Новы Год, 1-га Мая і г.д."


Радыё Свабода Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў за чацьвер, 6 ліпеня. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку, а таксама дасылаць СМС паведамленьні 391-22-24.

(Ганна, выкладчыца зь Менску: ) “Да стагодзьдзя “Нашай Нівы”. Калі мыю вокны, шукаю старую газэту. Падыходжу да скрыні, бяру ў рукі газэту – і спынена праца, бо зноў чытаю старую “Ніву”, як новую. Пачынаю выбіраць, што ж можна пусьціць у расход. Гэта нельга выкарыстаць, бо гэта вітаньне Івонкі Сурвілы, гэта таксама нельга, бо гэта Зьміцер Бартосік аповед вядзе; а гэта пра вайсковыя лісты Ігара Германчука ў аповедзе Сяргея Дубаўца; натыкаюся на праграму тэлебачаньня, але тут як песьня на роднай мове.

Віншуем рэдакцыю “Нашай Нівы” і ўсіх чытачоў са стагодзьдзем газэты “Наша Ніва”!”

(Спадар: ) “Ужо надакучыла слухаць, што 3-га ліпеня на Беларусі Дзень незалежнасьці. Падобна, што наш прэзыдэнт не ў ладах з гісторыяй. Мусіць, па гэтаму прадмету ў школе ён меў “двойку”. Дазволю сабе нагадаць яму, што 3-га ліпеня Дзень вызваленьня Менску ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Нічога агульнага зь Днём незалежнасьці няма. Нармальныя людзі Дзень незалежнасьці павінны адзначаць 25-га сакавіка ці 27-га ліпеня. Кіруючыся вашай лёгікай, Аляксандар Рыгоравіч, хачу ўнесьці прапанову. Давайце ўсе сьвяты перанясём на 3-га ліпеня: Новы Год, 1-га Мая і г.д. Палічыце, якая будзе эканомія. Ня ўлічваючы выходных, усяго адзін непрацоўны дзень за год”.

(Лушчынская Надзея Браніславаўна: ) “Паважаная “Свабода”! Хачу ўнесьці адну прапанову. Перад людзьмі, якія тэлефануюць на Радыё Свабода і абліваюць брудам вашу перадачу, апазыцыю, ставіць адну ўмову – называць сваё прозьвішча. Няхай краіна ведае сваіх “герояў”. І куды падзенецца тады іх імпэт і сьмеласьць?”

(Ларыса, пэнсіянэрка зь Менску: ) “Якое сьвята можа аб’яднаць наш народ? Пытаньне складанае. І гэта адчуваецца ў адказах нашых грамадзянаў на вуліцах Менску, а таксама слухачоў “Свабоды”. Адказы самыя розныя. А розныя таму, што кожны сьвяткуе па-свойму. Палітыкі прыдумваюць сьвяты ў адпаведнасьці са сваімі палітычнымі поглядамі. Яны хочуць аб’яднаць народ. Але як яго аб’яднаць, калі частка нашай моладзі павінна пакінуць бацькаўшчыну і ехаць у другую краіну, каб там працягнуць вучобу? Такое адбываецца толькі ў нашай квітнеючай Беларусі. А палітвязьні? А сёньня пачула, што маці чакае сына, які сядзіць за кратамі ўжо тры месяцы. Дык аб якім агульным сьвяце можна размаўляць? Таму і трэба зьвярнуцца да Бога і сьвяткаваць разам усе царкоўныя сьвяты, як сьвяткавалі нашыя продкі”.

(Тацяна Барэль, Асіповічы: ) “Хацелася б павіншаваць Леаніда Дранько-Майсюка з “Залатым апострафам”. Я ў захапленьні ад яго нэрвовага раману, некалькі разоў перачытвала. Здаецца, апошнім часам лепш чым ён ніхто не апісаў так маладую жанчыну, як ён апісаў спадарыню Л. І лепшага вобраза рамантыка-мужчыны ніхто не стварыў, акрамя Леаніда Дранько-Майсюка. Бог пацалаваў яго не за яго вершы ў лоб, а за яго прозу. Вялікі дзякуй”.

(Спадар, Пінск: ) “Ужо напэўна трэці раз запрашаю вас ў падарожжа ў вёску Выганішчы Івацэвіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці. Гэта вельмі, мне здаецца, цікавая вёска, хаця яна зараз перажывае ня лепшыя часы, бо былы калгас “Радзіма” перастаў існаваць, і цяпер намесьнік калгасу СПК “Целеханы аграры” і яго кіраўнік родам са Століншчыны, мне здаецца, робіць сваю справу ня надта добрасумленна. Напрыклад, запрашае сваіх землякоў на розныя работы, плоціць ім вялікія грошы, а мясцовых калгасьнікаў-працаўнікоў не запрашае на працу. Шмат чаго іншага можна даведацца, калі б вы прыехалі і пагутарылі б зь людзьмі. Тым больш, што сама вёска вельмі цікавая, праз яе працякае Агінскі канал, які нарэшце, быццам бы хочуць аднавіць. Яшчэ гэта малая радзіма міністра інфармацыі Ўладзімера Русакевіча. Можа, гэта вас напалохала? Але, мне здаецца, вам няма чаго палохацца, бо ён амаль ніколі тут не бывае, пра яго нават можа ніхто і ня помніць. Так што запрашаю вас зноў, тым больш, што вы самі прапануеце сваім слухачам прапаноўваць вам камандзіроўкі”.

(Спадар: ) “Выступаў у вас нейкі Трусаў, бо ён казаў пра Магілёў, што сашлюць гэтага Казуліна ў нейкі Магілёў. Чаму ў нейкі? Гэта абласны цэнтар, цудоўны горад. Дык хачу задаць яму пытаньне, гэтаму нейкаму Трусаву. Ён кажа, вось што такое дэмакратыя – гэта калі меншасьць павінна падпарадкоўвацца большасьці. Дык быў рэфэрэндум, і ня тое што большасьць беларусаў, амаль усе выказаліся за сяброўства з Расеяй і за саюз з Расеяй. Дык у чым справа? Патлумачце, чаму цяпер “пятая калёна” кажа, што гэта ня так? Далей. Выбралі прэзыдэнта нашага пераважнай большасьцю, хай нават 60%, як кажа апазыцыя, але ж выбралі! Дык у чым справа? Хай патлумачыць ён вось гэтыя простыя, нават школьніку зразумелыя словы. І судзяць не па палітычным матывам, а за хуліганства, каб быў парадак, каб не было так, як у іншых краінах, дзе забіваюць адзін аднаго. Які ж гэта салідны чалавек Казулін? Як ён паводзіў сябе, мы ж гэта ўсё бачылі!”

“Прайшло паведамленьне, што Буш сказаў Саакашвілі, каб той уступаў у НАТО. Адкажыце на пытаньне: для чаго расшыраюць НАТО, для якіх мэтаў? Задаю пытаньне таму, хто ў вас сёньня ўвечары будзе адказваць. Для чаго, хай патлумачыць. Для чаго Буш цягне яго ў НАТО? Для чаго НАТО існуе? Вось падштурхоўваюць да чарговай вайны, і ў ёй згарыць Амэрыка, а малыя дзяржавы зусім накрыюцца. Вось вы пабачыце, узгадаеце мае словы. Ляжа на дно Амэрыка! Усяму прыходзіць канец. Знойдзецца дзяржава, якая абавязкова пакарае яе за вось гэтыя вось выхадкі”.

(Анастас Семяновіч: ) “Таварышы-лукашысты! Сёньня вы вырашылі судзіць былога кандыдата ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь Аляксандра Казуліна. Што я вам магу ў дадзенай сытуацыі параіць, каб ня браць на сябе вялікі грэх перад народам Беларусі? Па-першае, цалкам апраўдаць. Па-другое, папрасіць прабачэньне за зьдзекі спэцпадразьдзяленьняў зь яго і сотняў іншых хлопцаў і дзяўчатаў. Я ведаю, што на заўтра вы будзеце зьнятыя з працы, але затое перад сваімі дзецьмі і ўнукамі вы будзеце сапраўднымі героямі, вас будуць вельмі доўга ўзгадваць у народзе, а гэта вялікі гонар. Памерці вам і вашым дзецям апазыцыя ня дасьць. Падумайце яшчэ раз, пакуль ня позна”.
XS
SM
MD
LG