Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Начная аБЛОГа" – 5 ліпеня


Севярын Квяткоўскі, Менск Агляд беларускага сеціва

Блогер парталу “Тэлеграф” Аляксандар Брэчак назваў свой новы артыкул “Беларуская беднасьць” (http://telegraf.by/blog/2006/07/04/bednost). Аляксандар Брэчак дзівіцца статыстыцы зьмяньшэньня беднасьці, апублікаванай сумесна беларускай дзяржавай і ААН: "Калі ўдзельная вага беднага насельніцтва ў нашай краіне складала ў 2000 годзе 41,9%, то ўжо да 2005 адбылося зьніжэньне да 12,7%". Аўтар падсумоўвае свае развагі так: “Ня ведаю, якімі крытэрамі кіраваліся функцыянэры ААН, калі вызначалі ўзровень беднасьці Беларусі. У параўнаньні з Этыёпіяй мы сапраўды багатыя”.

Аўтар сайту блогаў Жывы журнал Агафон (http://agafon-bel.livejournal.com) у сваім блогу выклаў футурыстычныя зацемкі пад назвай “Беларусь 2020”. “Большасьць беларускіх футуролагаў у сваіх сцэнарах абмяжоўваецца апісаньнем канца Лукашэнкаўскага рэжыму. Пры тым мала хто спрабуе адказаць на пытаньне “што пасьля?”… Запрашаю ўсіх да дыскусіі, напішам будучыню разам” – гэтыя словы адкрываюць праект “Беларусь 2020”. Вось некаторыя з водгукаў на апублікаваны тэкст: “Якая цудоўная казка! І канец у ёй добры”. А таксама: “Адкрытай фантастыкі пісаць ня хочацца, сцэнар мусіць быць лягічным”.

А вось паэт і філёзаф Ігар Бабкоў у сваім блогу (http://francisak-n.livejournal.com) публікуе зацемкі-роздумы пра вечнае: “Мы брыдзем па жыцьці навобмацак, як у лябірынце, бачым усяго ў некалькіх мэтрах перад сабой. Форму нашаму жыцьцю часьцей за ўсё надаюць зьнешнія абставіны – сьцены. Абмацваючы сьцены, мы знаходзім выйсьце альбо праход…” Альбо з апошняга: “Майстра становіцца майстрам не таму, што ён ведае і разумее больш за іншых, а таму, што ён ведае і адчувае сваю форму, форму як сваё абмежаваньне, як свой скрай. Вучань можа і так і гэтак. Майстра можа толькі так”. Зацемкі аб’яднаныя адной рубрыкай “Кафэ Акварыюм”.

Аматарам адпачынку ў Беларусі раю зазірнуць на старонку “Турыстычнага парталу Беларусі” ( http://www.holiday.by/village_country.asp). Тут замест “сонца, вады і пяску” заахвочваюць да “пэйзажу, традыцыі і забаваў”. Вы зможаце знайсьці сабе сядзібу на ўласны густ і на аб’ём гаманца. Прыбраная хатка з дагледжаным садзікам у далечыні ад цэнтраў цывілізацыі можа абыйсьціся вам за 6 даляраў на суткі з чалавека. Калі вам патрэбныя ванная з гарачай вадой, рыхтуйце ня менш за 15 даляраў. Ну а калі да патрабаваньняў дададуцца саўна зь більярдам у недалёкім ад Менску месьце, ды з поўным пансіёнам, кошт адпачынку за суткі пачне ўздымацца ўжо ад 25 даляраў.

Ну, а тыя, хто захочуць зладзіць у сябе на лецішчы, ці ў арэндаванай сядзібе які-кольвек сэйшэн, варта наведаць старонку музычнай галерэі “Мірас Арт” (www.miras-art.com). “Наш калектыў – гэта творчы саюз прафэсіяналаў” – гавораць пра сябе джаз-мэны, гатовыя выехаць, вылецець ці выйсьці ў любы пункт Беларусі. А перад тым, каб наважыцца на запрашэньне джазістаў, можна паслухаць іхныя творы, якія выкладзеныя на сайце ў фармаце МР3.

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. З вамі быў Севярын Квяткоўскі. Да сустрэчы ў оф-лайне.
XS
SM
MD
LG