Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня пачнецца працэс над Аляксандрам Казуліным


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сёньня ў Маскоўскім судзе Менска пачнецца працэс над Аляксандрам Казуліным, былым кандыдатам на прэзыдэнта, якога трымаюць пад арыштам з Дня Волі 25 сакавіка. Палітык кажа, што не згубіў надзей на перамогу ў судзе, між тым назіральнікі не сумняваюцца ў абвінаваўчым прысудзе. Якім будзе гэты беспрэцэдэнтны працэс?

Варта пачаць з таго, што працэс над Аляксандрам Казуліным сапраўды беспрэцэдэнтны. Раней у Беларусі адбываліся суды над апазыцыйнымі палітыкамі, якія заяўлялі пра намер і нават спрабавалі вылучацца на прэзыдэнта. Згадаем Міхаіла Чыгіра, Леаніда Калугіна, Міхаіла Марыніча. Гэтых людзей зьмяшчалі за краты нібыта паводле крымінальнага абвінавачваньня, між тым яны заяўлялі пра палітычны перасьлед. Але каб судзілі хаця і былога, але кандыдата на прэзыдэнта -- такое ў Беларусі ўпершыню. Пагражае Аляксандру Казуліну ажно 6 гадоў зьняволеньня за злоснае хуліганства. Гэтак сьледчыя кваліфікавалі паводзіны Казуліна 2 сакавіка ў міліцэйскім пастарунку, куды яго прывезьлі пасьля затрыманьня ў Палацы чыгуначнікаў. Чаму палітык ў міліцыі разьбіў шкло на партрэце Аляксандра Лукашэнка, распавядае праваабаронца Алег Волчак.

(Волчак: ) “Першае, чаго запатрабаваў Аляксандр Казулін пасьля затрыманьня, гэта даць яму адваката і магчымасьць злучыцца з пракурорам і сваякамі. Але міліцыянты на гэта ніяк не адрэагавалі і тады ён ўдарыў па партрэце і сказаў, што вось гэты чалавек вінаваты ва ўсім, што адбываецца”.

Яшчэ Аляксандра Казуліна вінавацяць ў арганізацыі вулічных беспарадкаў. Маюцца на ўвазе падзеі 25 сакавіка, калі Аляксандр Казулін аказаўся на чале калёны дэманстрантаў, якая рушыла да турмы на вуліцы Акрэсьціна. Палітык заяўляе, што спрабаваў прадухіліць сутычку дэманстрантаў з міліцыяй, але сьледзтва будзе даказваць ў судзе адваротнае. Пра гэта будуць сьведчыць амапаўцы, ў тым ліку і тыя, якіх, паводле іх словаў, зьбілі дэманстранты.

З усёй даказальнай базай належыць разабрацца судзьдзю Аляксею Рыбакову. Вядома, аднак, што Аляксандр Казулін мае намер заявіць пра недавер да судзьдзі на той падставе, што судзьдзя адхіліў усе хадайніцтвы аб допыце дадатковых сьведкаў з боку Казуліна.

Адвакаты Аляксандра Казуліна Ігар Рынкевіч і Аляксандр Гарачка да пачатку працэсу ўстрымліваюцца ад камэнтароў адносна яго выніку. Яны кажуць, што працэс будзе складаным, матэрыялаў справы ажно 4 тамы, ёсьць досыць сьведкаў з абодвух бакоў, ёсьць дадзеныя экспэртызы здароўя Аляксандра Казуліна пасьля зьмяшчэньня ў Жодзінскую турму. Адвакаты, як і абвінавачаны, кажуць , што ён не вінаваты і аб’ектыўны суд мусіць прыйсьці да такой высновы. Але назіральнікі за працэсам зьвяртаюць увагу на палітычны бок справы і на гэтай падставе не выключаюць, што ў Беларусі на аднаго палітвязьня стане болей. Намесьнік старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйла заяўляе.

(Паганяйла: ) “Мы, як юрысты і праваабаронцы будзем прыкладаць ўсе намаганьні, каб задзейнічаць ўсе сродкі юрыдычнай дапамогі на падобных працэсах. Але вынік не за намі, на жаль. Судовая ўлада лягла пад выканаўчую і выконвае ўсе яе загады”.

На працэс над Аляксандрам Казуліным плянуе прыйсьці былы кандыдат на прэзыдэнта ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандр Мілінкевіч. Чакаецца прыезд у суд амбасадараў шэрагу эўрапейскіх краін.
XS
SM
MD
LG