Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёлетнія вынікі цэнтралізаванага тэставаньня горшыя за леташнія


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускай незалежнай прэсы за 6 ліпеня

У газавым пытаньні Менск узяў на ўзбраеньне старую, прымітыўную, але дасюль дзейсную ў дачыненьнях з Масквою тактыку – пра гэта можна прачытаць у сьвежым нумары “Нашай нівы”. “Міжволі выклікае ўсьмешку фармулёўка нашага прэм''ера Сідорскага: зь ягоных словаў, кантракт, дзе фігуруюць славутыя $200 за тысячу кубоў, вернуты "Газпрому" "на дапрацоўку". Так звычайна шэф вяртае нядбайнаму рэфэрэнту кепска падрыхтаваны даклад. Беларускі бок нічога ня страчвае, зацягваючы паўзу. Маскве надта ж няёмка ваяваць з апошнім хаўрусьнікам, як з "аранжавай" Украінай”.

Сёлетнія вынікі цэнтралізаванага тэставаньня горшыя за леташнія, піша сёньняшняя “Камсамолка”. Напрыклад, сярэдні бал на тэставаньні па расейскай мове быў 33. Палова абітурыентаў набрала меней за 30 балаў, болей за 70 балаў набралі толькі 7 адсоткаў абітурыентаў. Толькі чатыры чалавекі з болей чым 95 тысячаў набралі на расейскім тэсьце максымальную колькасьць балаў, на беларускім тэсьце такого выніку не было ні ў кога.

Моцная залева перакрэсьліла ўсю працу камунальных службаў, якія рамантавалі дом па вуліцы Янкі Купалы ў Берасьці, паведамляе сёньняшні “Брестский курьер”. Здарылася гэта 28 чэрвеня – у выніку некаторыя кватэры на верхніх паверхах дому апынуліся цалкам затопленымі. Апавядае журналіст Зьміцер Паталятаў.

(Паталятаў: ) “Напрыклад, у 82 кватэры, дзе жыве сям’я Паўлавых, яны хадзілі ледзьве не па калена ў вадзе. А на кухні некаторыя рэчы, пабытовыя прадметы папросту плавалі”.

Палітвязень Андрэй Клімаў, які цяпер адбывае пакараньне на “хіміі”, працягвае настойваць на тым, што наступныя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі адбудуцца ўжо ў 2008 годзе, піша “Народная воля”. Нядаўна ён выступіў са зваротам да дэмакратычных сiлаў краiны, заклiкаючы iх рэальна аб''яднацца пад лёзунгам правядзеньня ў 2008 годзе прэзыдэнцкiх выбараў без Лукашэнкi. На думку спадара Клімава, па-першае, прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін на трэці тэрмін балятавацца ня будзе й не пакіне беларускае пытаньне ня вырашаным. А па-другое, Андрэй Клімаў спадзяецца на пратэстныя настроі ўнутры краіны, якія й прывядуць да новых выбараў у 2008 годзе
XS
SM
MD
LG