Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь вымушае міжнародных перавозчыкаў плаціць за ўзброены канвой


Вячаслаў Кулік, Менск У калёне й пад узброеным канвоем міліцыі мусяць цяпер рухацца па дарогах Беларусі міжнародныя аўтаперавозчыкі. Паводле ўсталяваных тарыфаў, за адзін кілямэтар такога суправаджэньня трэба заплаціць да 70 амэрыканскіх цэнтаў.

Прафэсійны “дальнабойшчык” Валянцін Пілка з так званага гораду беспрацоўных Капыля, што на Меншчыне, зарабляе зараз на жыцьцё ў адной з транспартных арганізацыяў Расеі. У тэлефанаваньні на Радыё Свабода ён скардзіцца, што Беларусь усталявала новыя грашовыя паборы на дарогах:

(Пілка:) “Праяжджаеш Нямеччыну, праяжджаеш Польшчу і толькі ў Беларусі – пад канвой! Гэты прымус нікому ня патрэбны. Проста яны зрываюць грошы. Аўтамашына канвою наперадзе, аўтамашына – ззаду. Нас даішнікі прыпынілі й аштрафавалі кожнага. Заяўляюць: “Вы не маеце права рухацца на такой хуткасьці!” Але ж хіба мы вінаватыя? Канвой так вядзе”.

Далей Валянцін Пілка патлумачыў, што дазвол на перамяшчэньне па тэрыторыі Беларусі дае мытня, а суправаджае грузы яе аўтамабільны канвой, альбо асобнае падразьдзяленьне Дэпартамэнту аховы міліцыі. У гутарцы зь дзяжурным афіцэрам Тунчыкам гэтай установы высьветлілася, што нормы, патрабаваньні й грашовыя стаўкі вызначаныя на самым версе ўлады:

(Тунчык: ) “Ёсьць адпаведны указ прэзыдэнта. Калі вязуць тытунёвую ці алькагольную прадукцыю, то абавязкова павінныя канваіравацца да месца прызначэньня”.

(Карэспандэнт: ) “Гэта робіцца дзеля чаго?”

(Тунчык: ) “ Каб прадухіліць напады, каб не было падробак”.

Паводле суразмоўцы, на тэрыторыі Беларусі 74 адрасы абавязковага суправаджэньня грузаў. Найвялікшая адлегласьць – ад памежнага пункта “Макраны” да пункта “Бігасава-1” – 736 кілямэтраў. Кошт паслугі -- 512 даляраў з кожнага грузавіка. Па афіцыйных зьвестках, толькі зь Берасьцейскай мытні ў суткі пад канвоем адыходзяць паўсотні і больш аўтамашынаў. Як лічыць беларускі аналітык Канстанцін Скуратовіч, улада адшукала чарговую “кармушку”:

(Скуратовіч: ) “Гэта залішняе. У нас няма такіх абставінаў на дарогах, каб абавязкова суправаджалі транзытныя “фуры” празь Беларусі і бралі за гэта аплату. Гэта імкненьне налажыць лапу на яшчэ адзін неарганізаваны бізнэс, як ім падаецца. А ўвогуле для транзытнай краіны вельмі дрэнная з”ява. Ужо ж абмінаюць, ня хочуць ехаць празь Беларусь перавозчыкі”.

Дарэчы, на летні сэзон у Беларусі павялічаная таксама аплата за суправаджэньне ад мяжы збожжаўборачных камбайнаў; племянных сьвіней й кароў ды іншых так званых нестандартных грузаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG