Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Мікола Вярба


Уладзімер Арлоў, Менск 9.4.1917, Меншчына — верасень (?) 1975, Віньніпэг, ЗША

У 1946 годзе адзінаццаць беларускіх пісьменнікаў, якія апынуліся на эміграцыі ў Заходняй Нямеччыне, стварылі літаратурнае згуртаваньне “Шыпшына”. Гэта была своеасаблівая спроба адрадзіць разгромленае напачатку 1930-х легендарнае “Ўзвышша”. “Шыпшынаўцы” бачылі сваё заданьне ў тым, каб “стаяць на варце поўнае свабоды творчых пошукаў”, імкнуцца “да высокае мастацкасьці, ідэёвае насычанасьці і арыгінальнасьц”»... Пад “Дэклярацыяй” згуртаваньня побач з подпісамі Натальлі Арсеньневай і Юркі Віцьбіча стаяла імя Міколы Вярбы.

Нашы суайчыньнікі, што патрапілі ў амэрыканскую зону акупацыі, ведалі яго найперш не як паэта Вярбу, а як прадстаўніка Беларускага Нацыянальнага Камітэту Міколу Сільвановіча. У нялёгкі для эмігрантаў час, калі ўзьнікла пагроза прымусовай рэпатрыяцыі ў СССР, дзякуючы ягоным высілкам у горадзе Гэрэнбэргу быў створаны адмысловы беларускі лягер з сваімі школай, скаўцкай арганізацыяй, мастацкай майстроўняй. У 1947-м Мікола наладзіў сьвяткаваньне ўгодкаў Акту 25 сакавіка, выдаўшы да Дня Волі паштоўку “Вялікія дзеячы Беларускага Адраджэньня” з выявамі Пагоні і партрэтамі Кастуся Каліноўскага, Ігната Грынявіцкага, Францішка Багушэвіча, Пётры Крачэўскага і Васіля Захаркі.

Пераехаўшы ў 1949 годзе ў Канаду, якую ён называў “краінай, магчымай для жыцьця”, Мікола Вярба заснаваў першыя беларускія арганізацыі ў правінцыі Мінітоба.

Дагэтуль апублікаваная толькі нязначная частка яго твораў, аднак не падлягае сумневу тое, што Вярба — паэт арыгінальны, зь непаўторным стылем. Ягоную “Паніхіду”, прысьвечаную памяці “паўшых нязнаных сыноў Беларусі ў абароне яе вольнасьці”, літаратуразнаўца Лявон Юрэвіч называе адным з найбольш пранікнёных літаратурных рэквіемаў. Ня можа пакінуць абыякавым і напісаная Вярбой “Малітва беларускіх “ДП” (перамешчаных асобаў): “Духу Сьвяты! Праз ахвяру нявіннай крыві 4 000 000 загінуўшых Беларусаў у Другую Сусьветную вайну. Молім Цябе: дай нам Вольную Беларусь... Зьвярні нас з чужыны ў родныя і вольныя межы дамоў. Станься”.
XS
SM
MD
LG