Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўночная Карэя зрабіла пускі ракет. Яны падалі ў мора


Юры Дракахруст, Прага. Галоўная сёньняшняя навіна – пускі ракетаў сярэдняга і далёкага радыюса дзеяньня, зробленыя за мінулыя суткі Паўночнай Карэяй. Тэарэтычна некаторыя з гэтых ракетаў могуць даляцець да Злучаных Штатаў. Паўночнакарэская дэманстрацыя сілы выклікала надзвычай рэзкую міжнародную рэакцыю, Рада бясьпекі ААН сабралася сёньня на тэрміновае пасяджэньне, каб абмеркаваць сытуацыю.

Паводле ацэнак экспэртаў, гэтыя выпрабаваньні былі ня надта ўдалымі. Ракеты падалі ў мора ў хуткім часе пасьля старту, адна ракета далёкага радыюса дзеяньня абрынулася ў мора праз 40 сэкундаў пасьля пуску. Так што калі КНДР хацела прадэманстраваць сьвету сваю ваенную моц, то дасягнула гэтай мэты адносна, прадэманстраваўшы пэўную тэхнічную недасканаласьць сваіх ракетных магчымасьцяў.

Апошнім разам КНДР рабіла падобныя выпрабаваньні 8 гадоў таму. Яшчэ два гады таму Паўночная Карэя афіцыйна заявіла, што будзе прытрымлівацца мараторыя на пускі ракетаў. Зараз Пхэньнян фактычна парушыў ўласныя абяцаньні. Паводле экспэртаў выпрабаваньні – сваеасаблівы сродак ціску на міжнародную супольнасьць, прынамсі на Злучаныя Штаты. Апошнім часам на Пхэньнян рабіўся дыпляматычны ціск, а Вашынгтон адмаўляўся абмяркоўваць патрабаваньні КНДР, зьвязаныя з яе адмовай ад ядзернай праграмы. Магчыма, парушыўшы ўласны мараторый, Паўночная Карэя спрабавала паказаць сьвету, што і ў яе ёсьць аргумэнты ў дыпляматычным спаборніцтве. Да гэтых аргумэнтаў належыць і заява паўночнакарэйскіх уладаў, якая прагучала пазаўчора, што КНДР гатова нанесьці ядзерны ўдар па Злучаных Штатах, калі яе ядзерныя аб’екты будуць атакаваныя ЗША. Вашынгтон назваў пагрозу “глыбока тэарэтычнай” і заклікаў КНДР вярнуцца за стол шасьцібаковых перамоваў наконт спыненьня паўночнакарэйскай ядзернай прагпрамы.

Пра тое, што гэта ходы менавіта ў дыпляматычнай гульні, сьведчыць той факт, што Пхэньнян разам з тым заявіў, што не скасоўвае запрашэньне наведаць Паўночную Карэю Крыстафэру Гіллу - прадстаўніку амэрыканскага ўраду ў пытаньні ядзернай праграмы КНДР.

Міжнародная рэакцыя была жорсткай і салідарнай. Японія назвала выпрабаваньні пагрозай сваёй нацыянальнай бясьпецы, Токіа на поўгады закраў паромную пераправу ў Паўночную Карэю. Японія прыгразіла эканамічнымі санкцыямі супраць КНДР. Злучаныя Штаты назвалі выпрабаваньні паўночнакарэйскіх ракетаў правакацыяй, ЗША сталі адным з ініцыятараў сёньняшняга скліканьня Рады бясьпекі ААН, прысьвечанага гэтай праблеме. Суседняя Карэя канстатавала, што ваенная дэманстрацыя Пхэньняну паглыбіць міжнародную ізаляцыю КНДР. Расея выступіла з заявай, што ракетныя выпрабаваньні падарвалі міжнародныя высілкі аслабіць напружанасьць на Карэйскай высьпе.
XS
SM
MD
LG