Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Габрэйскім доме адкрылася фотавыстава драўляных сынагогаў (фотарэпартаж)


Любоў Лунёва, Менск У Музэі гісторыі й культуры габрэяў Беларусі адкрылася выстава рэдкіх ілюстрацыяў і фатаздымкаў драўляных сынагогаў. Выстава падае кароткую гістарычную даведку пра габрэйскія мястэчкі Беларусі, а таксама прэзэнтуе рэчы, якімі карысталіся падчас набажэнстваў у сынагогах. Арганізатары выставы спадзяюцца, што ўлады зьвернуць увагу на сытуацыю з габрэйскімі культурна-рэлігійнымі будынкамі й паспрыяюць адкрыцьцю дзяржаўнага музэю гісторыі беларускіх габрэяў.

Наведнікі выставы могуць убачыць фатаздымкі драўляных сынагогаў, пабудаваных у XVIII — пачатку XIX стагодзьдзяў. Здымкі былі зробленыя напярэдадні Другой усясьветнай вайны, тады ў Беларусі было каля 2 тысяч сынагогаў. Ніводная з драўляных сынагогаў не захавалася. Амаль усе каменныя былі зруйнаваныя.

Драўляныя сынагогі беларускіх габрэяў вельмі вылучаліся на тле мясцовай забудовы. Сынагогі ў Волпе, Горадні, Нароўлі, Пінску і Гомелі выглядаюць даволі экзатычна побач зь беларускімі хатамі. Рэч у тым, што іх архітэктурны стыль прыйшоў у Беларусь з прыкарпацкіх тэрыторыяў Украіны й Польшчы. Сынагогі выконвалі функцыі ня толькі малітоўнага дому, але й дому сходаў і навучаньня. Яны былі духоўнымі цэнтрамі суполак, дзе захоўвалася нацыянальная габрэйская культура.

Захаваліся здымкі ўнутраных інтэр’ераў сынагогі. Наведнікі могуць убачыць малюнкі, зробленыя прадзедам Марка Шагала. Гаворыць Іна Герасімава, дырэктарка Музэю гісторыі культуры габрэяў Беларусі й старшыня фонду “Галакост”:

(Герасімава: ) “Гэта сюжэты, зьвязаныя зь Ярусалімам. Таму што для габрэяў, якія тут жылі, гэта было прыгожай, недасягальнай казкай. Захаваліся ўспаміны Юркі Віцьбіча, як напрыканцы 1930-х гадоў яны са Зьмітраком Бядулем прыехалі ў Магілёў і прыйшлі на месца, дзе захавалася частка сынагогі. “Чаму плакаў Зьмітрок Бядуля?”, гэта назва апавяданьня. Гэта было месца разбуранае, забруджанае… І ён аж заплакаў. Чаму так зрабілі? У каго паднялася рука? Тут жа справа ня ў тым, для каго гэта рабілася: для габрэяў, для палякаў або для беларусаў. Гэта ўпрыгожвала мясьціны, дзе жылі людзі”.

Іна Герасімава распавяла, што выставай зацікавіліся і менскія школьнікі, нягледзячы на тое, што цяпер летнія вакацыі й гарачае надвор’е.

Сябры габрэйскай суполкі спадзяюцца, што ўлады нарэшце дапамогуць стварыць музэй гісторыі беларускіх габрэяў. У той час, калі ў беларускіх гарадах можна набыць відэа-, аўдыё- і друкаваную прадукцыю антысэміцкага зьместу, стварэньне музэю спрыяла б выхаваньню талерантнасьці ў грамадзтве.

















Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG